Друкаваць гэтую старонку
Субота, 18 Чэрвень 2022

«Витебские вести» надрукавалі ананімны артыкул пра «Zivie Bielarus»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пад такім нікам у Telegram быў зарэгістраваны 35-гадовы работнік разлікова-касавага цэнтру, які, паводле супрацоўніцы Віцебскай абласной пракуратуры Аксаны Куляшовай, «меў доступ да пашпартных дадзеных усіх жыхароў Прыдзвінскага краю». На дадзены момант ён затрыманы, змешчаны ў СІЗА-2, дзе чакае суду за раскрыццё асабістай інфармацыі пра супрацоўнікаў міліцыі і адміністраванне «адной з дэструктыўных інтэрнэт-суполак». Чалавек яшчэ не асуджаны, але «Витебские вести» са словаў супрацоўніцы пракуратуры ўжо апісваюць ягоныя правіны.

Маўляў, калі падчас пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у інтэрнэце пыталіся пра міліцыянтаў, якія жорстка абыходзіліся з удзельнікамі мірных маршаў, праграміст даведваўся пра месца жыхарства супрацоўнікаў МУС і размяшчаў гэтую інфармацыю ў інтэрнэце. «Праз гэта яны адчувалі занепакоенасць і страх. Бо ўдзельнікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў здольныя на агрэсіўныя дзеянні», – сцвярджае супрацоўніца пракуратуры, запалохваючы чытачоў «Витебских вестей». Апрача гэтага, чалавек пад нікам «Zivie Bielarus» «заклікаў удзельнікаў дэструктыўных груповак да вулічных беспарадкаў, пакідаў у Інтэрнэце абразлівыя каментары пра Аляксандра Лукашэнку і іншых прадстаўнікоў улады, даваў інструкцыі, як дзейнічаць супраць ахоўнікаў правапарадку, і сам быў адміністратарам дэструктыўнай інтэрнэт-суполкі, піша Аксана Куляшова.

35-гадоваму праграмісту прадʼяўлена абвінавачанне адразу па 5-ці артыкулах Крымінальнага кодэксу:

-ч.3 арт.203-1 (незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестках);

ч.2 арт.342 (іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства);

ч.1 арт.368 (публічная абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь);

ст.369 (абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненае ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт);

ч.1 арт.361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем); ч.3 арт.293 (навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай).

На дадзены момант следства завершана, матэрыялы крымінальнай справы перададзены ў пракуратуру перад накіраваннем у суд. Супрацоўніца пракуратуры Аксана Куляшова вырашыла абвясціць чалавека злачынцам яшчэ яшчэ да таго, як віна чалавека будзе даказана ў судзе. Прозвішча аўтара артыкула, які запісаў высновы прадстаўніцы пракуратуры, на сайце газеты «Витебские вести» не ўказана.

Феліцыян Красоўскі