Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 10 Сакавік 2022

Ігар Казмярчак: Няхай глядзяць усе, хто не верыць, што вайна – гэта страшна

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Воляю лёсу аршанскі журналіст і праваабаронца Ігар Казмярчак апынуўся ў адным з вялікіх украінскіх гарадоў у зоне ваенных дзеянняў (назву гораду мы не ўказваем з меркаванняў бяспекі). У самым пачатку вайны ў яго, беларуса, які ўцёк ва Украіну ад палітычнага пераследу, быў намер перабрацца ў больш бяспечнае месца. Аднак выбар быў зроблены на карысць таго, каб застацца і расказваць праўду пра тутэйшыя падзеі.

«Каб адкрыліся вочы ў тых, хто апраўдвае расейскую агрэсію», - кажа Ігар Казмярчак.

Распачынаючы відэаблог, ён расказваў пра аператыўную абстаноўку ў зоне баявых дзеянняў, потым дадаліся практычныя парады: як сабраць «трывожны чамаданчык», як хавацца ад бамбёжкі. Ёсць у відэаблогу і прыватныя разважанні Ігара Казмерчака пра ход і перспектывы вайны ва Украіне.

У апошніх выпусках ён дае слова іншым беларусам, якія былі вымушаныя з’ехаць ва Украіну пад пагрозай уціску за ўдзел у пратэставых акцыях пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў. Гэтыя людзі распавядаюць пра ўласныя ўражанні – пра рэальную пагрозу чалавечым жыццям, пра беспадстаўныя і жорсткія страты ў выніку гэтай вайны, пра нязломнасць духу ўкраінскага народу, пра падтрымку і салідарнасць.

У першую чаргу аўтар відэаблогу разлічвае на ўвагу сваіх землякоў-аршанцаў.

Ягоны відэадзённік з зоны баявых дзеянняў ва Украіне размешчаны на YouTube-канале orshaeu – гэта адзін з інтэрнэт-рэсурсаў партала orsha.eu, заснавальнікам і рэдактарам якога з’яўляецца Ігар Казмярчак.

У лістападзе 2021 году доступ да сайту быў заблакаваны паводле рашэння пракуратуры. Прычыну заснавальніку не паведамілі.

 Ігар Казмярчак перакананы, што рашэнне пра блакіроўку было прынятае з той самай мэтай, як і ў дачыненні да іншых незалежных вэб-рэсурсаў – каб абмежаваць распаўсюд праўдзівай інфармацыі пра жыццё ў Беларусі.

Андрэй Кот