Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Снежань 2021

У пракуратуры патлумачылі, з якой прычыны блакуецца сайт orsha.eu

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Ігар Казмерчак, рэдактар рэгіянальнага парталу orsha.eu Ігар Казмерчак, рэдактар рэгіянальнага парталу orsha.eu

26 лістапада на інтэрнэт-сайце Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь з'явілася паведамленне аб тым, што па рашэнні пракурора Віцебскай вобласці Ігара Украінца ад 23 лістапада абмяжоўваецца доступ да інтэрнэт-сайту «ORSHA .EU Аршанскі рэгіянальны партал». Каб высветліць прычыны блакіроўкі, уладальнік парталу праваабаронца Ігар Казмерчак звярнуўся ў абласную пракуратуру. 

У сваім звароце Ігар Казмерчак прасіў пазначыць артыкулы, у якіх змяшчалася недакладная інфармацыя, якая негатыўна характарызуе грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля заканчэння выбарчай кампаніі 2020 году. Таксама прасіў назваць матэрыялы, змест якіх быў накіраваны на дыскрэдытацыю дзейнасці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў. І пералічыць артыкулы, змест якіх матываваў грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. 

Апроч таго, у сваім звароце ў пракуратуру Казмерчак указаў пракурору на тое, што блакаванне сайту з'яўляецца прамым парушэннем канстытуцыйных правоў грамадзян па распаўсюд і атрыманне інфармацыі. Праваабаронцу адказаў намеснік пракурора Віцебскай вобласці Уладзімір Гук

«Па выніках аналізу інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на інтэрнэт-сайце пад назвай «ORSHA.EU Аршанскі рэгіянальны партал», устаноўленыя парушэнні патрабаванняў падп. 2.3, 2.5 п. 2 арт. 30-1 Закону аб СМІ, якія выявіліся ў тым, што на дадзеным інтэрнэт-сайце сістэматычна дапускаліся факты размяшчэння інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасці, ганьбіць дзелавую рэпутацыю дзяржаўных органаў і здольная нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», - напісаў у адказе Гук. 

З пракуратуры на электронную ўладальніка рэсурсу была высланая таксама копія пастановы аб абмежаванні доступу да парталу. У пастанове прапісаныя назвы і даты васьмі матэрыялаў, апублікаваных у 2020-м і 2021-м гадах. Аўтары тых тэкстаў распавядалі пра працу дзяржаўных органаў і арганізацый, выбарчых камісіяў падчас апошняй электаральнай кампаніі і аб пратэстах пасля падліку галасоў. 

У пастанове, аднак, не ўказваецца, якія пададзеныя ў артыкулах факты, на думку пракуратуры, трэба лічыць не адпаведнымі рэчаіснасці, а якія - дыскрэдытуюць уладу. 

Нечаканай для рэдактара стала і інфармацыя пра тое, што цягам 6 месяцаў уладальнік сайту не можа аднавіць доступ да яго. Механізм узнаўлення працы партала пракуратура не патлумачыла.

Віталь Кажух