Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 29 Лістапад 2021

Па рашэнні пракурора Мінінфармацыі абмежавала доступ да праваабарончага сайту Orsha.eu

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

На думку працаўнікоў пракуратуры Віцебскай вобласці, з боку редакцыі аршанскага рэгіянальнага парталу ORSHA.EU меліся значныя парушэнні Закону Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Нібыта праверкай ведамства былі выяўленыя факты размяшчэння на сайце інфармацыі, зместам якой была нанесеная шкода нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. 

Пракуратурай было ўстаноўлена, што ў некаторых артыкулах змяшчалася недакладная інфармацыя, якая негатыўна характарызуе грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне пасля заканчэння выбарчай кампаніі 2020 году. 

Пракуратура палічыла, што гэтая інфармацыя была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнасці прэзідэнта РБ, праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў. Маўляў, на інтэрнет-рэсурсе сістэматычна размяшчаліся публікацыі, якія матывавалі грамадзян да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. 

Аднак пасля праверкі пракуратурай не было дакладна паказана, якімі менавіта матэрыяламі было ўчыненае парушэнне патрабавання пп.1.3 п.1 арт.38 Закону аб СМІ. І акурат якую інфармацыю, распаўсюджаную аршанскім інтэрнэт-рэсурсам, трэба лічыць забароненай, накіраванай на прапаганду вайны і экстрэмісцкай дзейнасці ці якая змяшчала заклікі да такой дзейнасці. 

Такі агульны падыход пракуратуры да забароны працы сайту носіць агульны валюнтарысцкі характар, не спрыяе слушнаму і аднастайнаму разуменню грамадзянамі патрабаванняў дзейных законаў. Гэтая акалічнасць не дазваляе аспрэчыць рашэнне ведамства ў судовым парадку, то бок пракуратура сама парушыла права грамадзянаў на разгляд у судзе законнасці абмежавання доступу да сайту «ORSHA.EU Аршанскі рэгіянальны партал».

Тым не меньш, па фактах выяўленых парушэнняў пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец вынес пастанову аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-сайту «ORSHA.EU Аршанскі рэгіянальны партал», якую хутка выканалі працаўнікі Міністэрства сувязі і інфармацыі. 

Міхась Пісараў