Друкаваць гэтую старонку
Серада, 11 Студзень 2017

Журналісты Віцебскай вобласьці адзначаныя за актыўнасьць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Падчас падвядзеньня вынікаў 2016 году Беларуская асацыяцыя журналістаў адзначыла добрую арганізацыю працы філіяў БАЖ у Віцебскай вобласьці. Дыплёмамі БАЖ былі ўганараваныя актывісты трох раённых арганізацыяў Віцебшчыны: Глыбоцкай, Полацкай і Віцебскай. Прычым Віцебскае аддзяленьне БАЖ ужо другі год запар становіцца пераможцам сярод усіх суполак Беларускай асацыяцыі журналістаў.

На пытаньне, як атрымліваецца быць самымі актыўнымі, старшыня віцебскай філіі БАЖ Алена Сьцяпанава адказала: «Нам удаецца быць актыўнымі, бо мы займаемся тым, што нам цікава. Мы ня маем так званага дэмакратычнага цэнтралізму. Таму намі ніхто не кіруе з боку, ніхто нам не загадвае, што рабіць, чаго не рабіць. А паколькі ў нас ёсьць людзі ініцыятыўныя і актыўныя, вось мы і прыдумляем сабе імпрэзы».

«Нас баагата, таму ў нас магчымы падзел па інтарэсах, – працягнула свой аповед Алена Сьцяпанава. – Фатографы могуць фатаграфаваць і ўдзельнічаць у розных фотавыставах. Хто піша, займаецца сваімі цікавымі мерапрыемствамі. Увогуле, кожны займаецца сваімі цікавымі справамі і залучае ў гэта астатніх».

Старшыня Глыбоцкай філіі БАЖ Тацяна Смоткіна і старшыня Полацкай філіі Віктар Стукаў былі адзначаныя дыплёмамі за добрасумленную працу ў інтарэсах арганізацыі і адказнае стаўленьне да сваіх грамадзкіх абавязкаў.

Тацяна Смоткіна распавяла, што ў іх дружнай Глыбоцкай суполцы журналістаў-БАЖаўцаў склаліся ўжо традыцыйныя імпрэзы, у арганізацыі якіх яны бяруць удзел з дружалюбнымі ім грамадзкімі актывістамі. Гэта штогадовыя калядныя сустрэчы журналістаў і грамадзкіх актывістаў і летняя імпрэза «Бульбяны фэст» у Германавічах, які арганізуецца супольна з актывістамі Шаркоўшчыны.

Ужо сталася традыцыяй, што журналісты зь Віцебску, Полацку і Глыбокага езьдзяць у госьці адзін да аднаго на арганізаваныя ў філіях імпрэзы. У філіях ладзяцца розныя сэмінары, сустрэчы з мэдыйнымі пэрсонамі, юрыстамі, псыхолягамі і іншымі цікавымі суразмоўцамі. У 2016 годзе была арганізаваная супольная сустрэча філіяў БАЖ Віцебскай вобласьці ў Полацку з праглядам дакумэнтальнага фільму пра вэтэрана БАЖу Барыса Хамайду, які больш за 20 гадоў таму стаяў ля вытокаў стварэньня Беларускай асацыяцыі журналістаў. Агульныя сустрэчы прадстаўнікоў філіяў БАЖ Віцебшчыны мусяць стаць традыцыйнымі – такое пажаданьне выказалі ўсе ўдзельнікі полацкай сустрэчы.

Пасьпяховая праца філіяў БАЖ Віцебшчыны абумоўленая яшчэ і тым, што арганізацыйная дзейнасьць ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з плянамі, якія распрацоўваюць самі актывісты на пачатку кожнага году. На 2017 год у філіях БАЖ рэгіёну таксама заплянаваны ўжо традыцыйныя і новыя крэатыўныя мерапрыемствы.

Аляксандар Марозаў