Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Май 2013

Па 30 базавых велічыняў - за “парушэньне закону аб СМІ”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Кастусь Смолікаў, Леанід Аўтухоў Кастусь Смолікаў, Леанід Аўтухоў

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Протас, упершыню судзячы дэмакратычных актывістаў, прысудзіла 17 траўня сябрам партыі БНФ Леаніду Аўтухову і Кастусю Смолікаву па 30 базавых велічыняў (па 3 мільёны) штрафу на кожнага. Аднак найбольш прысутных на працэсе актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў уразіў не памер штрафаў, а тое, што судзьдзя практычна пазбавіла старшыню абласной суполкі партыі БНФ Леаніда Аўтухова магчымасьці ўдзельнічаць у судовым працэсе.

Алена Протас каля сямі разоў адхіляла хадайніцтвы Аўтухова, каб запрасіць перакладчыка, бо ён недасканала валодае расейскай мовай. Судзьдзя адмовіла ў гэтым, заявіўшы, што Леанід Аўтухоў вучыўся ў школе і там вывучаў расейскую мову. У такім выпадку, на яе думку, перакладчык не патрэбны.

На пытаньне, ці вучыла яна ў школе беларускую, і чаму ня можа фармуляваць свае пытаньні на гэтай дзяржаўнай мове, Алена Протас не адказала. Спадар Аўтухоў быў вымушаны заявіць хадайніцтва аб адводзе судзьдзі, але яно таксама было адхілена. Калі ж ён зьвярнуўся са скаргай на неправамоцныя дзеяньні судзьдзі Протас да старшыні суду, то ў адказ пачуў, што ягоную скаргу разгледзяць і дадуць адказ цягам месяцу.

Без перакладчыка Аўтухоў ня мог быць пэўным, што ўсё разумее падчас працэсу, і таму шмат разоў перапытваў альбо не адказваў на дзе-якія пытаньні судзьдзі. Алена Протас загадала, каб сакратарка запісала ў пратакол, што Аўтухоў адмаўляецца даваць тлумачэньні. Але ён не пагадзіўся, і папрасіў занатаваць адваротнае: што гатовы адказваць на пытаньні суду, калі будзе мець магчымасьць іх зразумець. На якой мове запісваюцца словы Аўтухова і ягонага аднапартыйца Смолікава, які таксама гаварыў па-беларуску, даведацца так і не ўдалося. Таму актывісты ня пэўныя, што іх паказаньні не былі скажоныя праз непрафэсійны пераклад.

Не дапамагло нават апэляваньне да канстытуцыі: Леанід Аўтухоў даводзіў, што кожны грамадзянін мае права карыстацца роднай мовай, і ніхто ня мае права дыскрымінаваць чалавека па нацыянальнай прыкмеце. Але судзьдзя стаяла на сваім. І вынесла абвінаваўчую пастанову: прызнала Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб СМІ.

Нагадаем, 22 сакавіка, перад Днём Волі, актывісты раздавалі ў гандлёвым цэнтры «Эвіком» партыйны бюлетэнь «Магістрат». Іх затрымалі, абвінавацілі ў закліках да арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу і пасадзілі на 5 сутак. Празь месяц супраць іх было выстаўлена яшчэ адно абвінавачаньне: колькасьць канфіскаваных асобнікаў бюлетэня перавышае заяўлены наклад. Прычым бюлетэні супрацоўнікі міліцыі ў прысутнасьці затрыманых не пералічвалі.

Падчас судовага працэсу міліцыянты сьведчылі, ужываючы такую адзінку вымярэньня, як «вялікі стос» ці «тоўсты пачак». Судзьдзю Алену Протас такая аргумэнтацыя цалкам задавальняла. Яна толькі ўдакладняла, ці выглядала гэта большым за дазволеныя заканадаўствам 299 асобнікаў. І міліцыянты згаджаліся. Працэс доўжыўся каля 2-х гадзінаў.

Радыё Свабода