Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 25 Ліпень 2014

Адміністрацыйныя адгалоскі веснавых выбараў у мясцовыя саветы (вiдэа)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Пятроўскі Міхаіл Пятроўскі

Судзьдзя суду Лёзьненскага раёну Віцебскай вобласьці Сьняжана Кіндзеева вынесла пастанову пра спыненьне адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да сябра палітвыканкаму Віцебскай абласной арганізацыі Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Міхаіла Пятроўскага. Такая пастанова вынесеная ў сувязі з тым, што скончыўся тэрмін накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня.

Да адміністрацыйнага перасьледу палітыка спрычынілася тая акалічнасьць, што пры канцы траўня ён зьвярнуўся ў пракуратуру з заявай. Міхаіл Пятроўскі паведамляў пракурору Лёзьненскага раёну Вячаславу Котаву пра два факты незаконнай агітацыі з боку сяброў выбарчых камісіяў у пэрыяд галасаваньня на мясцовых выбарах, якія праходзілі на пачатку бягучага году ў Беларусі.

Праведзеная пракуратурай праверка паведамленьня партыйнага актывіста ня выявіла парушэньняў дзейнага выбарчага заканадаўства. Матэрыялы праверкі былі перададзеныя ў Лёзьненскі раённы аддзел міліцыі, дзе на Міхаіла Мікалаевіча быў складзены адміністрацыйны пратакол аб зьдзяйсьненьні ім правапарушэньня паводле арт. 24.4 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (заведама фальшывае тлумачэньне або заява).

Паводле гэтага артыкулу партыйцу – шукальніку праўды пагражаў штраф у памеры ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Пасьля складаньня пратаколу міліцыя перадала яго ў суд Лёзьненскага раёна для разгляду па сутнасьці справы. Аднак суд палічыў недастатковай доказную базу для пачатку адміністрацыйнага працэсу, і матэрыялы справы былі вернутыя ў міліцыю на дапрацоўку.

Дапрацоўка зацягнулася, і калі матэрыялы справы зноў аказаліся ў судзе, мінуў двухмесячны тэрмін, на працягу якога, паводле закону, павінна быць разгледжаная адміністрацыйная справа. На гэтай падставе судом і была спыненая вытворчасьць па адміністратыўнай справе ў дачыненьні да Міхаіла Пятроўскага.