Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 27 Сакавік 2023

Старонку ў Фэйсбуку віцябляніна МІхаіла Ерафеева прызналі «экстрэмісцкай». За што?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прызнанне «экстрэмісцкімі» прыватных старонак у сацыяльных сетках здараецца ўсё часцей. Што суды расцэньваюць як экстрэмізм, калі чытаюць асабістыя допісы або разглядаюць фотаздымкі? Менавіта з-за апошніх старонку Міхаіла Ерафеева суд і прызнаў «экстрэмісцкай» – падобна, суддзяў уразіла колькасць выяваў Пагоні і бел-чырвона-белых сцягоў.

Міхаіл Ерафееў або, як ен просіць, каб яго назвалі, Міхась, браў удзел у мірных пратэстах 2020 году. Пра гэта таксама сведчаць шматлікія фота ў Фэйсбуку. А яшчэ там можна ўбачыць плакаты супраць вайны ва Украіне, здымкі з акцый салідарнасці ў Варшаве, і пад дзясятак фотаздымкаў з бел-чырвона-белым сцягам у розных лакацыях.

Па якім прынцыпе дзейнічалі сілавікі, каб адшукаць старонку гэтага чалавека, сказаць цяжка. Ен не папулярны блогер, і ў Фэйсбуку ў яго не так шмат сяброў, каб казаць пра нейкую «агітацыйную небяспеку». Выглядае на тое, што ў міліцыі маглі быць намеры асудзіць Міхаіла Ерафеева за ўдзел у пратэстных акцыях, але зрабіць гэта немагчыма, бо мужчына пакінуў Беларусь. З тае ж прычыны няма сэнсу распачынаць супраць уладальніка старонкі адміністрацыйную справу – пакараць яго арыштам ці штрафам усе адно не атрымаецца. Таму адзінае, што застаецца, – гэта абвясціць старонку «экстрэмісцкай», каб наведнікі асцерагаліся на ей нешта «лайкаць» або каментаваць.

Зрэшты, Міхась Ерафееў ужо не першы ў Віцебску чалавек, чыю старонку ў Фэйсбуку прызналі «экстрэмісцкай». Упершыню гэта здарылася з віцяблянінам Сяргеем Сясіцкім. Але тады ўвагу сілавікоў прыцягнулі не столькі выявы, фотаздымкі або рэпосты з «экстрэмісцкіх» інтэрнэт-рэсурсаў, колькі выказванні аўтара старонкі пра палітычныя падзеі ў Беларусі і ў свеце.

Таццяна Віктарава