Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 26 Студзень 2023

Валянціна Болбат: «Да праблем са здароўем апошні суд «дадаў» мне яшчэ 100 базавых штрафу»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Адна з пачынальніц беларускага дэмакратычнага руху на Віцебшчыне ў 1990-я гады, актывістка з Верхнядзвінску мае ўжо пенсійны ўзрост і не дужа моцнае здароўе. Але Наваполацкі гарадскі суд у асобе Зінаіды Балаболавай у лістападзе-снежні 2022г. аштрафаваў жанчыну на 20 базавых велічынь і двойчы запар прысудзіў жанчыне арышты па 10 сутак за рэпосты матэрыялаў з так званых «экстрэмісцкіх «інтэрнэт-рэсурсаў.

Здароўе Валянціны Болбат істотна пагоршылася ва ўмовах Наваполацкага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў, і ў сярэдзіне снежня мінулага году яе нават датэрмінова выпусцілі на волю. Але ўжо 11 студзеня гэтага году яе выклікалі ў Верхнядзвінскі РАУС і перадалі загад з’явіцца ў міліцыю ў Наваполацку. Там яе адразу ж затрымалі і зноўку накіравалі ў ЦІП – «дабыць» трое сутак «неадседжанага арышту».

13 студзеня, калі яна знаходзілася за кратамі, над актывісткай адбыўся чарговы, ужо чацвёрты суд, цяпер паводле арт. 24.23 КаАП. Тая самая суддзя Зінаіда Балаболава зноўку прызнала Валянціну Болбат вінаватай і аштрафавала ўжо на 100 базавых велічынь. Агульная сума штрафаў, прысуджаных верхнядзвінскай грамадскай актывістцы, складае больш за 4 тысячы рублёў (120 базавых велічыняў). Для пенсіянеркі гэта «завоблачная» сума, і, апроч фінансавых праблем, спадарыні Валянціне аніяк не ўдаецца паправіць здароўе. Яна скардзіцца на боль у сэрцы, высокі ціск і моцную прастуду, якую «падхапіла» у ЦІПе.

Да ўсяго, з 11 па 13 студзеня, калі яе накіравалі «даседжваць» не адбытыя «суткі», актывістка трымала галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівых абвінавачванняў. Паводле Валянціны Болбат, яе асудзілі да апошняга вялікага штрафу за размяшчэнне на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках малюнкаў з Сеціва, якія суд расцаніў як атрыбутыку несанкцыянаванага пікетавання.

Міхась Хмара