Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 20 Чэрвень 2022

Навапалачанін Данііл Раманаў трапіў на «хімію» за «абразу» Дзмітрыя Балабы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Уначы з 16 на 17 лістапада 2020-га году хлопец напісаў каментар пад фотаздымкам камандзіра АМАП Менгарвыканкаму Дзмітрыя Балабы. Змест каментару быў расцэнены як абражальны, і 18 траўня ў судзе Наваполацку Данііл Раманаў быў асуджаны на паўтара года «хіміі» «за абразу прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК).

Суддзя Віталь Лапко пакараў падсуднага абмежаваннем волі на паўтара года. Цяпер Данііл Раманаў адбывае пакаранне ў менскай ПУАТ-55. Таксама суд абавязаў яго выплаціць камандзіру АМАПу 1 500 рублёў у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.

Крымінальную справу супраць жыхара Наваполацку распачалі праз год пасля з’яўлення каментара. 16 лістапада 2021-га году былі праведзеныя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, падчас якіх вывучаўся акаўнт і профіль, з якога быў напісаны каментар. 16 сакавіка 2022 году прыйшлі да высноваў, што акаўнт належыць Даніілу Раманаву. Высветлілася, што ён з’яўляецца ўдзельнікам і некалькіх Telegram-супольнасцяў, у тым ліку прызнаных «экстрэмісцкімі».

На этапе следства Данііл Раманаў прызнаў, што каментар пра Балабу напісаў ён. Суд расцаніў ягонае прызнанне як акалічнасць, якая магла б паспрыяць змякчэнню пакарання. Аднак гэтага не адбылося, бо суд улічыў, што раней Данііл Раманаў быў асуджаны паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Таму суддзя Лапко вырашыў, што пакаранне павінна быць звязана з кантролем ва ўмовах папраўчай установы. 11 дзён таму хлопца накіравалі адбываць паўтара гады «хіміі» у ПУАТ-55 Менску.

Міхась Хмара