Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 09 Чэрвень 2022

Журналісту-фрылансеру Андрэю Кузнечыку прысудзілі 6 гадоў калоніі. Ён ураджэнец Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Андрэй Кузнечык Андрэй Кузнечык

Разгляд справы, распачатай паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»)  адбыўся 8 чэрвеня ў Магілёўскім абласным судзе. Суддзя Ігар Шведаў прызнаў журналіста вінаватым і прызначыў пакаранне ў выглядзе зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму на тэрмін 6 гадоў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Андрэй Кузнечык быў затрыманы 25 лістапада 2021 году. У ягонай кватэры ў Менску адбыўся ператрус. Пасля затрымання фрылансера сілавікі ненадоўга здолелі захапіць кантроль над тэлеграм-каналам «Радыё Свабода», з якой журналіст супрацоўнічаў у якасці фрылансера. На наступны дзень Андрэя Кузнечыка асудзілі судом Заводскага раёну Менску па адміністрацыйнай справе на 10 сутак, аднак 5 снежня на волю ён не выйшаў – быў зноў асуджаны тым самым судом яшчэ на 10 сутак. Але і 15 снежня яго не вызвалілі. Толькі 23 снежня сваякам стала вядома, што супраць Андрэя Кузнечыка распачалі ўжо і крымінальную справу. Падставы абвінавачання родным ніхто не паведаміў.

11 студзеня 2022 году праваабарончая супольнасць прызнала яго палітвязнем. Да сярэдзіны траўня журналіста-фрылансера ўтрымлівалі ў СІЗА-1 Менску, а потым нечакана перавялі ў магілёўскую турму.

Паводле Андрэя Кузнечыка, ён прадчуваў, што яго могуць затрымаць і асудзіць, і на гэты выпадак пакінуў свайму сябру адкрыты ліст, які належала апублікаваць у выпадку затрымання. У гэтым допісе ён патлумачыў, чаму не хоча пакідаць Беларусь нават пад пагрозамі турэмнага зняволення:

«Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа не ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць з сцежкі працы на карысць беларушчыны. У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязніцы прыдуманы тэрмін, чым развітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсці рэпрэсіі)».

Журналіст-фрылансер нарадзіўся ў Віцебску і заўжды цікавіўся гісторыяй роднага гораду. Цяпер яму 43 гады, ён выпускнік ліцэю БДУ, скончыў філалагічны факультэту БДУ, а пазней аспірантуру. Віцебск, з якога з’ехаў у ранняй маладосці, ён не забываў ніколі: публікаваў фотаздымкі з малой радзімы, займаўся краязнаўствам.

У зняволенні Андрэй Кузнечык пачаў пісаць дзіцячыя вершы, дасылаючы іх у лістах да жонкі Алесі Рак. Гэтыя вершы ён складаў для сваіх двух дзяцей, Яніны і Мацвея, якія чакаюць яго на волі.

Феліцыян Красоўскі