Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 21 Снежань 2021

Анатоля Каханчыка кінулі за краты на 25 сутак. Ён адмовіўся перафарбоўваць БЧБ-хату

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Анатоль Каханчык Анатоль Каханчык

21 снежня гаспадара БЧБ-хаты ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну Анатоля Каханчыка прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 24.23 КаАП) і асудзілі на 25 сутак адміністрацыйнага арышту. Суд Полацку і Полацкага раёну вырашыў, што Каханчык зладзіў «несанкцыянаванае пікетаванне», пафарбаваўшы свой дом у Алёшчы ў бел-чырвона-белыя колеры. Перафарбоўваць яго мужчына катэгарычна адмовіўся.

Пра прысуд Анатолю Каханчыку паведамілі праваабаронцы «Вясны». Паводле папярэдняй інфармацыі, Анатоль Каханчык абвясціў сухую галадоўку.

Анатоль Каханчык быў затрыманы 20 снежня. Яго затрымалі, калі ён сам пайшоў у аддзяленне міліцыі па позве. Раней Каханчыку пагражалі крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе БЧБ-хату ў нейтральныя колеры.

У 2020 годзе Анатоль Каханчык пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценах дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню. За такую расфарбоўку ў лютым 2021 году Каханчыка прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці (на той момант – арт. 23.34 КаАП) і асудзілі на 7 сутак. У лістападзе яго зноў судзілі і прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыі (арт. 19.11 КаАП) - пакаралі за гэта 15 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Янка Прас