Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 23 Лістапад 2021

«Скамячыў гэтае палотнішча і выкінуў яго». Віцябляніна судзяць за здзек над афіцыйным сцягам

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Афіцыйны сцяг на будынку СІЗА ў Віцебску. Фота мае ілюстрацыйны характар Афіцыйны сцяг на будынку СІЗА ў Віцебску. Фота мае ілюстрацыйны характар

У судзе Першамайскага раёну Віцебску 23 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы за здзек над дзяржаўным сцягам (арт. 370 КК). 26-гадовага Дзмітрыя Карпінскага абвінавачваюць у тым, што ён сарваў з будынку сцяг, надарваў яго і выкінуў у сметніцу, а дрэўка зламаў. Калі віна будзе даказаная, мужчыне пагражае да трох гадоў калоніі. Сваю віну Карпінскі прызнаў часткова. Матэрыяльную шкоду ацанілі ў 36 рублёў 67 капеек.

Справу разбірае суддзя Алена Жук. Згодна з выстаўленым абвінавачаннем, супрацоўнік прыватнага прадпрыемства Дзмітрый Карпінскі ў ноч з 8 на 9 верасня 2021 году, знаходзячыся на паркоўцы ля крамы «Веста» у мікрараёне Білева, «на віду ў мінакоў, рэалізуючы свой злачынны намер, накіраваны на здзек над дзяржаўным сімвалам РБ – дзяржаўным сцягам РБ, тым самым выказваючы зняважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў РБ, наўмысна дастаў з насценнага кранштэйну дрэўка з дзяржаўным сцягам РБ, пасля чаго дэманстратыўна, праяўляючы паказную смеласць і дзёрзкія паводзіны, панёс дзяржаўны сімвал РБ ад фасада будынку крамы», – агучыла пракурорка Ганчарэнка.

Далей, па версіі следства, Дзмітрый «наўмысна адарваў палотнішча дзяржаўнага сімвала РБ ад дрэўка, прычыніўшы пашкоджанне ў выглядзе надрываў матэрыі, скамячыў гэтае палотнішча і выкінуў яго ў сметніцу». Сам флагшток ён разламаў на некалькі частак і таксама выкінуў іх.

Пракурорка заявіла, што хлопец «меў імкненне дэманстраваць сваё непаважлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў РБ і прычыніць шкоду аўтарытэту РБ».

Дзмітрый часткова прызнаў сваю віну, заявіўшы, што сапраўды зняў сцяг з будынку крамы і затым выкінуў яго ў сметніцу. Але пры гэтым заявіў, што ніякай «паказной смеласці» і «дзёрзкіх паводзін» не было. Сказаў, што не было жадання зневажаць афіцыйны сцяг. Проста хацеў ад яго пазбавіцца – як ад доказу, спалохаўшыся магчымага пакарання. Навошта ён яго зняў, не змог патлумачыць. Сказаў, што рашэнне было спантаннае, магчыма, пад уздзеяннем выпітага піва.

Пракурорка пацікавілася, на якія тэлеграм-каналы «дэструктыўнай накіраванасці» ён быў падпісаны. «У якім сэнсе дэструктыўнай накіраванасці?» – удакладніў Дзмітрый. «Антыпалітычныя, скажам так», – патлумачыла абвінаваўца. І прывяла ў якасці прыкладаў каналы «Nexta», «Віцебск, я гуляю» ды іншыя вядомыя тэлеграм-рэсурсы.

Дзмітрый сказаў, што, магчыма, і быў падпісаны на якія-небудзь з тых каналаў, але ў дадзены момант «Тэлеграмам» не карыстаецца.

На працэсе ў якасці сведкаў выступілі сябры Дзмітрыя, якія ў той вечар знаходзіліся разам з ім на паркоўцы побач з крамай. Пракурорка цікавілася, ці абмяркоўвалі яны палітычныя тэмы.

Працэс працягнецца 24 лістапада. Інтарэсы Дзмітрыя на судзе абараняе адвакат.

Уладзімір Бяляўскі