Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 30 Верасень 2021

Жыхара Полацку пасадзілі на 10 сутак за рэпосты навін Белсату і TUT.BY, зробленыя яшчэ летась

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Генадзь Бердзянёў Генадзь Бердзянёў

Суд Полацкага раёну і гораду Полацку 29 верасня пакараў мясцовага прадпрымальніка Генадзя Бердзянёва 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за рэпосты ў сацсетцы «Аднакласнікі» навінаў Белсат і TUT.BY, зробленыя яшчэ 2020 годзе. Рашэнне аб арышце палачаніна прымаў суддзя Андрэй Дзергачоў. Справу Бердзянёва (арт. 19.11 КаАП) ён разбіраў не больш за 20 хвілін.

Адвакат Генадзя Бердзянёва спрабаваў давесці суду, што ягоны падабаронны ўжо цягам паўгода не меў доступу да свайго акаўнту ў сацсетцы, бо ягоны планшэт быў канфіскаваны міліцыяй. А рэпосты – леташнія. У 2020 годзе навіны згаданых СМІ не лічыліся «экстрэмісцкімі».

Довады адваката, аднак, не падзейнічалі на суддзю Андрэя Дзергачова. Ён прызнаў Генадзя Бердзянёва вінаватым у «распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 19.11 КаАП) і пакараў яго адміністрацыйным арыштам на 10 сутак.

«Вось так проста і з густам: за 20 хвілін прыняць рашэнне і пасадзіць чалавека ні за што. Нічога не перашкодзіла вынесці вердыкт, нават не пераймаўся, чым можна матываваць. А навошта!» – пракаментаваў рашэнне суддзі адзін са слухачоў на працэсе.

Адзначым, што міліцэйская машына стаяла каля суду, а ў фае ўжо дзяжурылі тры міліцыянты, чакаючы заканчэння паседжання, каб узяць мужчыну пад варту. Відавочна, што рашэнне суду ім было вядомае загадзя.

Вядома, што 5 кастрычніка Полацкі суд будзе разбіраць яшчэ адну справу паводле арт. 19.11

Аляксандр Марозаў