Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 14 Верасень 2021

Жонку стачкамаўца «Нафтану» Юлію Маліноўскую аштрафавалі на 6670 рублёў. Яна правяла ў ізалятары 5 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Юлія і Аляксей Маліноўскія Юлія і Аляксей Маліноўскія

13 верасня пасля 5 сутак, праведзеных за кратамі наваполацкага цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), на волю выйшла жонка ўдзельніка стачкі на «Нафтане» Аляксея Маліноўскага Юлія, паведамляе «Стачкам ААТ «Нафтан». Маці дваіх дзяцей Юлію Маліноўскую затрымалі ў Наваполацку 8 верасня за наклейку на аўтамабілі і судзілі па двух адміністрацыйных артыкулах.

Як стала вядома актывістам стачкаму, Юлію Маліноўскую вінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КаАП), а таксама ў распаўсюдзе, вырабе, захоўванні, перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 19.11 КаАП).

Справу 10 верасня разглядала сумна вядомая суддзя Зінаіда Балаболава. Яна прызнала Маліноўскую вінаватай па абодвух артыкулах і аштрафавала жанчыну агулам на 230 базавых велічынь (6670 рублёў): 200 базавых велічынь – паводле арт. 24.23 і 30 базавых – паводле арт. 19.11.

Як паведамляе стачкам, пасля таго, як было вынесенае рашэнне па справе, проста ў зале суду Юліі Маліноўскай выставілі яшчэ адно абвінавачанне  – за рэпост у сацсетках навіны «Белсату» пра стачку на «Нафтане» (рэпост нібыта быў зроблены яшчэ ў сакавіку 2021 году).

Выйсці на сувязь з Юліяй Маліноўскай, каб удакладніць і пацвердзіць інфармацыю аб абвінавачанні, пакуль не ўдалося.

Янка Прас