Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 05 Ліпень 2021

Суд над навапалачанінам Яўгенам Харашкевічам – закрыты. Яго вінавацяць па трох артыкулах

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Справу Харашкевіча разбірае Віцебскі абласны суд Справу Харашкевіча разбірае Віцебскі абласны суд

У Віцебскім абласным судзе 5 ліпеня пачаўся крымінальны працэс у справе 26-гадовага жыхара Наваполацку Яўгена Харашкевіча, затрыманага ў студзені 2021 году. У дачыненні мужчыны выстаўленыя абвінавачанні паводле трох артыкулаў, у тым ліку паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Журналістаў і праваабаронцаў на паседжанне не пусцілі: суд закрыты.

Паводле афіцыйнай інфармацыі аб працэсе, Яўген Харашкевіч абвінавачваецца ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч.1 арт. 130 КК), публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх (ч.2. арт. 342 КК і падрыхтоўка да злачынства - ч.1 арт. 13 КК).

Найбольшы максімальны тэрмін пакарання прадугледжвае арт. 130 КК (да 5 гадоў пазбаўлення волі).

Якія канкрэтныя дзеянні выстаўляюць Харашкевічу па гэтых артыкулах – невядома.

Яўгена Харашкевіча затрымалі 19 студзеня 2021 году ў Наваполацку. Прэс-служба МУС паведамляла, што на Харашкевіча выйшлі супрацоўнікі віцебскага ГУБАЗіКа ў межах «пошуку асобаў з экстрэмісцкімі поглядамі, якія падтрымліваюць прыхільнікаў масавых беспарадкаў».

Як раней расказвала «Нашай Ніве» жонка затрыманага, у іхнім доме адбыўся ператрус: забралі камп'ютарную тэхніку і тры страйкбольныя аўтаматы. Падставай для затрымання, паводле жонкі, былі каментары ў сацсетцы, на якія нібыта пакрыўдзілася выкладчыца фізічнага выхавання Акадэміі МУС Наталля Петухова.

 

Ніна і Яўген Харашкевічы. Крыніца: nn.by

Да снежня 2020 году Яўген Харашкевіч працаваў кіроўцам на Полацкім малочным камбінаце, але яму не працягнулі кантракт. На выбарах 9 жніўня Харашкевіч быў назіральнікам у роднай вёсцы Фарынава Полацкага раёну. 12 жніўня быў затрыманы проста на працоўным месцы, але праз два дні яго вызвалілі.

Ад студзеня Яўген Харашкевіч утрымліваецца ў СІЗА-2 Віцебску. Суд над ім – закрыты.

Янка Прас