Друкаваць гэтую старонку
Субота, 05 Чэрвень 2021

Працэс над былым начальнікам аддзелу адукацыі Краско. Слухаюць сведкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Падчас працэсу Падчас працэсу

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску працягваюцца слуханні ў крымінальнай справе былога начальніка аддзелу адукацыі Першамайскага раёну Паўла Краско, якога абвінавачваюць у атрыманні хабару (арт. 430 КК). 4 чэрвеня ў судзе выступалі сведкі з боку абароны. Краско пагражае да 10 гадоў зняволення. Сваю віну ён цалкам адмаўляе.

Паўла Краско затрымалі 23 кастрычніка 2020 году ў працоўным кабінеце па атрыманні ім, як сцвярджае следства, 2600 рублёў ад прадстаўніка адной з віцебскіх арганізацыяў, якая рабіла рамонтныя працы на аб'ектах адукацыі. Пасля затрымання чыноўніка змясцілі ў СІЗА-2, дзе ён дагэтуль і знаходзіцца. З працы Краско звольнілі. У справе фігуруе некалькі эпізодаў атрымання матэрыяльных каштоўнасцяў ад прадстаўнікоў розных фірмаў.

На працэсе ў якасці сведкі з боку абароны выступіла 4 чэрвеня дырэктар віцебскай СШ №38 Ірына Гаявая. На пасадзе дырэктара яна працуе са жніўня 2019 году, да гэтага была галоўным спецыялістам аддзелу адукацыі Першамайскага раёну і працавала пад непасрэдным кіраўніцтвам Паўла Краско.

На судзе сведка заявіла, што з абвінавачаным у яе былі сяброўскія стасункі, яна бывала ў гасцях у Краско. Бачыла, што ў трохпакаёвай кватэры начальніка рабіўся рамонт: на кухні была замененая пліта на варачную панэль, была ўсталяваная выцяжка (кухоннае абсталяванне фігуруе ў адным з эпізодаў справы). Былая падначаленая Краско прызналася, што не ведае, якім чынам набывалася гэтае абсталяванне, хто і на якіх умовах рабіў рамонт.

Дзяржаўнага абвінаваўцу Аляксандра Філіпенку цікавілі пытанні супрацы аддзелу адукацыі і фірмы «СП Візір»: «Ці даваў калі-небудзь пры вас Павел Краско ўказанні на заключэнне дамоваў з тымі ці іншымі арганізацыямі, вылучаючы іх, напрыклад з «СП Візір?». «Чаму менавіта «СП Візір» была абраная ў якасці падраднай арганізацыі ў 2019 годзе?» – пытаўся.

«Гэтага я сказаць не магу, таму што я працавала кіраўніком, мяне паставілі перад фактам, што будзе менавіта гэтая арганізацыя, яны і працуюць, выконваюць працу», – адказала Гаявая.

«Пры выбары «СП Візір» у якасці падраднай арганізацыі ў 38-й школе вы прысутнічалі?» – удакладніў абвінаваўца. «Я прысутнічала, калі абмяркоўвалася пытанне аб тым, што неабходныя рамонтныя працы ў прыбіральнях, а якая падрадная арганізацыя будзе – «Візір», Гаявая або Пятроў, мяне гэта не хвалюе як кіраўніка наагул, галоўнае, каб была заключаная дамова», – патлумачыла сведка.

Ірына Гаявая паведаміла, што ў школе вяліся рамонтныя працы на трэцім паверсе, а таксама ў прыбіральнях на першым і другім паверхах, была таксама пабудаваная арка. Але якім чынам заключаліся дамовы на выкананне працаў, яна не ведае.

На працэсе таксама выступіў прадстаўнік будаўнічай арганізацыі «СП Візір» Дзмітрый Кавун. Ён распавёў як закупляліся будаўнічыя матэрыялы: керамічная плітка, дзверы, санвузлы і іншыя матэрыялы, а таксама – якім чынам праводзіўся дэмантаж перад пачаткам рамонтных працаў.

Суддзю Дзяніса Аляксеенка і пракурора Аляксандра Філіпенка цікавіла, калі заключаліся дамовы падрадаў паміж будаўнічай фірмай і аддзелам адукацыі.

«Перад альбо пасля перадачы хабару?» – спытаў суддзя Аляксеенка, быццам факт хабару быў ужо ўстаноўлены. «Думаю, пасля» – адказаў пасля паўзы прадстаўнік будаўнічай фірмы.

Уладзімір Бяляўскі