Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 14 Май 2021

Алена Шабуня: За апошнія 10 гадоў Віцебскі аблсуд не задаволіў аніводнай скаргі на рашэнні пракурора вобласці

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Алена Шабуня Алена Шабуня

13 траўня Віцебскі абласны суд вынес рашэнне наконт прыватнай скаргі віцяблянкі Алены Шабуні на пастанову суду Кастрычніцкага раёну аб пакіданні без руху скаргі на рашэнне пракурора Віцебскай вобласці. Скаргу ў аблсудзе разглядаў суддзя Віктар Быстроў. Алена Шабуня на судзе не прысутнічала.

22 лютага пракурор Віцебску Андрэй Шклярэўскі афіцыйна папярэдзіў Алену Шабуню аб недапушчальнасці парушэння парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Журналістка з папярэджаннем не пагадзілася і абскардзіла яго пракурору Віцебскай вобласці Вадзіму Сушчынскаму. Той у задавальненні скаргі адмовіў.

З рашэннем абласнога пракурора Шабуня таксама не пагадзілася. На той падставе, што Канстытуцыя і міжнародныя пакты гарантуюць ёй, як і кожнаму чалавеку, неад'емнае права на мірныя сходы. Сваю нязгоду Шабуня выказала ў прыватнай скарзе, пададзенай у суд Кастрычніцкага раёну на рашэнне пракурора Сушчынскага.

19 сакавіка суд Кастрычніцкага раёну Віцебску ў асобе суддзі Вікторыі Лешчанкі пакінуў скаргу без руху. Маўляў, была пададзеная ў адным экзэмпляры і дзяржпошліна неаплачаная. Такія  фармальныя прычыны адмовы. Атрымаўшы яе, Алена Шабуня звярнулася ў абласны суд. У скарзе прасіла адмяніць рашэнне пракурора Віцебскай вобласці, прынятае па скарзе на афіцыйнае папярэджанне ад 22 лютага.

У сваёй скарзе Шабуня патлумачыла, што не бачыць сэнсу марнаваць паперу на другі асобнік скаргі і аплачваць дзяржпошліну, бо рашэнне суду па скарзе загадзя вядомае.

«За апошнія 10 гадоў Віцебскі абласны суд не задаволіў ніводную скаргу на рашэнні пракурора Віцебскай вобласці, прынятыя ад грамадзян на афіцыйныя папярэджанні. Рашэнне, якое я абскарджваю, расцэньваю як, па-першае, вымаганне з пенсіянера-інваліда грашовых сродкаў, а па-другое, як парушэнне права на судовую абарону», – зазначыла Шабуня.

Прасіла рашэнне суддзі Вікторыі Лешчанкі ад 19 сакавiка адмяніць.

Суддзя Віктар Быстроў агучыў матэрыялы справы і сышоў у дарадчы пакой для прыняцця рашэння.

Пасля перапынку пастанавіў: рашэнне суду Кастрычніцкага раёну Віцебску ад 19 сакавіка пакінуць без зменаў, а прыватную скаргу Алены Шабуні – без задавальнення. Суд прыйшоў да высновы, што патрабаванні грамадзянска-працэсуальнага закону судом ніжэйшай інстанцыі былі выкананыя.

С. Горкі