Друкаваць гэтую старонку
Серада, 24 Люты 2021

За абразу міліцыянта ў Instagram – два гады «хіміі»

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

22 лютага суд Першамайскага раёну прызнаў 30-гадовага віцябляніна вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў. У выніку бацьку двух дзяцей прысудзілі да двух гадоў «хіміі» за каментар у Instagram, якім нібыта ён абразіў міліцыянта, паведамляюць «Народныя навіны Віцебска».

Па версіі суду, 3 кастрычніка 2020 году віцяблянін абразіў міліцыянта – кіроўцу роты патрульна-паставой службы міліцыі грамадскай бяспекі АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску, размясціўшы каментар, у якім змяшчалася выказанае ў непрыстойнай, лаянкавай форме абраза на адрас пацярпелага. Абвінавачаны негатыўна ацэньваў апошняга, паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога суду.

Як сцвярджаецца, на судзе мужчына цалкам прызнаў сябе вінаватым у інкрымінаваным яму злачынстве. Суд палічыў змякчальнымі абставінамі чыстасардэчнае раскаянне і наяўнасць двух малалетніх дзяцей. Раней мужчына да адказнасці не прыцягваўся.

У выніку, на падставе арт. 369 КК мужчыну прысудзілі да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады. Апроч таго, у яго канфіскавалі смартфон «Xiaomi Redmi 7A» – як сродак здзяйснення злачынства.

Суд прызначыў віцябляніну амаль максімальнае пакаранне, прадугледжанае санкцыямі гэтага артыкула (да 3 гадоў абмежавання волі), хоць яны прадугледжваюць і больш мяккія віды ўздзеяння – штраф і грамадскія або папраўчыя работы.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.