Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 22 Люты 2021

Хворага на рак мужчыну могуць пасадзіць на 6 гадоў – за гвалт да супрацоўнікаў МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Уладзімір Малахоўскі на судзе Уладзімір Малахоўскі на судзе

Суд Першамайскага раёну Віцебску 22 лютага пачаў разглядаць крымінальную справу 54-гадовага Уладзіміра Малахоўскага. Яго абвінавачваюць паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў МУС»). Ад 13 студзеня мужчына ўтрымліваецца ў СІЗА-2. Ён мае трэцюю групу інваліднасці і хварэе на анкалогію.

Справу разбірае суддзя Таццяна Родзіна.

Паводле абвінавачання, агучанага 22 лютага пракуроркай, Уладзімір Малахоўскі падчас затрымання спрабаваў нанесці траўмуючыя ўдары па розных часцях цела міліцыянтаў, пашкодзіў форму, завалодаў міліцэйскім жэтонам, а пазней, ужо будучы затрыманым і знаходзячыся ў аўтазаку, распыліў газ з балончыку ў бок міліцыянтаў.

Сваёй віны Ўладзімір Малахоўскі не прызнаў.

За сарваны жэтон - 1000 рублёў

Пацярпелымі ў гэтай справе праходзяць трое супрацоўнікаў міліцыі – Юрый Качыхін, Аляксей Емяльянаў і Пазнякоў. На першым паседжанні іх апыталі.

Дзяржабвінаваўца (прозвішча ўдакладняецца) пачынала апытваць пацярпелых з пытання: «Ці вядомыя вам вынікі прэзідэнцкіх выбараў? Ці ведаеце, хто непасрэдна стаў пераможцам?» І толькі пасля гэтага пераходзіла да пытанняў, звязаных з абставінамі справы.

Паказанні супрацоўніка Чыгуначнага РАУС Віцебску Юрыя Качыхіна адрозніваліся ад тых, якія ён даваў падчас следства і якія фігуруюць у матэрыялах справы. Гэтак, на судзе ён заявіў, што падчас затрымання не выкрыкваў ніякіх папярэджанняў у бок абвінавачанага, а спрабаваў затрымаць яго моўчкі, бо «усё адбывалася вельмі хутка, і не было часу». Сцвердзіў таксама, што не бачыў моманту зрывання нагруднага знаку з формы і што заўважыў прапажу толькі праз 10 хвілін. У ранейшых паказаннях ён сцвярджаў, што папярэджваў абвінавачанага, а таксама адчуў як з сілай з яго быў сарваны жэтон.

Качыхін заявіў, што папярэднія паказанні не адпавядаюць рэчаіснасці, і папрасіў лічыць праўдзівымі тыя, што даў на судзе. За сарваны знак выставіў іскавыя патрабаванні ў памеры 1000 рублёў.

Бюлетэня не далі

Пацярпелы Аляксей Емяльянаў, які знаходзіўся ў аўтазаку ў момант распылення газу разам з Пазняковым, таксама выставіў маральную кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў. Пры гэтым прызнаўся, што ніякіх пашкоджанняў цела ў яго не было. Хоча атрымаць кампенсацыю, бо «была трывога і ўнутраны дыскамфорт».

Расказаў, што на наступны дзень звяртаўся да афтальмолага, але бюлетэнь яму не далі. Міліцыянт прызнаўся, што медычную маску, якая была на ім у момант распылення газу і якая магла быць рэчавым доказам, ён пасля інцыдэнту памыў.

Пагражае да 6 гадоў

Уладзіміру Малахоўскаму 54 гады, выхоўвае двух няпоўнагадовых дзяцей. Ён сябра партыі БНФ. Па словах жонкі Ірыны, ён 4 разы праходзіў хіміятэрапію і зараз вельмі аслаблены, да таго ж у СІЗА прастудзіўся. Нягледзячы на кепскі стан здароўя, меру стрымання яму не змяняюць. 

За дзеянні, якія інкрымінуюць віцябляніну паводле арт. 364 КК, яго могуць асудзіць на 6 гадоў калоніі. Суд працягнецца 23 лютага. 

Уладзімір Бяляўскі