Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 04 Люты 2021

Віцябляніна Арцёма Ісакава прысудзілі да 3-х гадоў калоніі за ўжыванне газавага балончыка

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Арцём Ісакаў на судзе Арцём Ісакаў на судзе

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 4 лютага быў агучаны абвінаваўчы прысуд у дачыненні да 26-гадовага Арцёма Ісакава, які ўжыў газавы балончык у бок міліцыянта ў цывільным падчас шэсця 25 кастрычніка. Суддзя Сяргей Будрэвіч пастанавіў пакараць Ісакава 3-ма гадамі пазбаўлення волі.

Напярэдадні пракурорка Крысціна Мацвеева прасіла для Ісакава 6 гадоў калоніі.

Арцём Ісакаў прызнаны «вінаватым у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах учынення перашкоды яго законнай дзейнасці і прымусу да змены характару гэтай дзейнасці». На падставе арт. 364 КК РБ суд прызначыў віцябляніну пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апроч таго, суд прыняў рашэнне спагнаць з Ісакава працэсуальныя выдаткі (94 рублёў 80 капеек), а аўтамабіль, мабільны тэлефон, тэлевізар і іншыя канфіскаваныя рэчы – пакінуць пад арыштам. Газавы балончык, як прылада злачынства, павінен быць знішчаны, пастанавіў суддзя Сяргей Будрэвіч.

Тэрмін знаходжання пад вартай ад 28 кастрычніка 2020 году да 3 лютага 2021 года будзе залічаны ў тэрмін пакарання.

Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ў апеляцыйным парадку ў Віцебскім абласным судзе цягам 10 сутак з дня атрымання копіі прысуду.

Уладзімір Бяляўскі