Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 21 Студзень 2021

7 сутак арышту – за паветраныя балонікі на акне ў Дуброўне

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Міхаіл Чамурака. Фота: facebook.com Міхаіл Чамурака. Фота: facebook.com

21 студзеня суд Дубровенскага раёну прысудзіў прадпрымальніку Міхаілу Чамураку 7 сутак адміністрацыйнага арышту паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП. Бел-чырвона-белыя паветраныя балонікі, вывешаныя на акне прыватнага дому, суд палічыў публічным выказваннем грамадска-палітычных інтарэсаў. Актывіста ўзялі пад варту адразу пасля абвяшчэння прысуду.

Як паведамляла «Віцебская вясна», 15 студзеня ў Дуброўне на 72 гадзіны быў затрыманы мясцовы актывіст Міхаіл Чамурака. Праз трое сутак, 18 студзеня, яго прывезлі з ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) Воршы назад у Дуброўна, дзе меўся адбыцца суд, аднак суддзя адправіла пратакол на дапрацоўванне і перанесла паседжанне на 21 студзеня.

Адміністрацыйную справу, распачатую ў дачыненні да Міхаіла Чамуракі паводле ч. 3 арт. 23.34, разглядала суддзя Марыя Цыклінская. Па словах актывіста, ён быў вельмі здзіўлены, што пратакол, агучаны на судзе 21 студзеня, тычыўся балонікаў на акне, канфіскаваных міліцыяй падчас вобшуку, хаця падставай для ператрусу былі бел-чырвона-белыя стужкі, паразвешаныя на слупах у райцэнтры, – шукалі менавіта іх.

На судзе Чамурака заявіў, што бел-чырвона-белыя паветраныя шарыкі віселі на акне цягам 4-х апошніх месяцаў і нікому не шкодзілі. Дадаў, што на падваконні, апроч таго, красуюцца расліны зялёнага колеру. Але суд прапусціў гэты факт міма вушэй.

Актывіст таксама хадайнічаў, каб у суд былі пададзеныя запісы з камераў відэаназірання, бо сцвярджаў, што ў час, які пазначаны ў пратаколе, удома яго не было і, адпаведна, развешваць балонікі ён фізічна не мог. Аднак аказалася, што, паводле мясцовай міліцыі, 15 студзеня ніводная камера відэаназірання ў тым раёне не працавала.

Сведкам у судзе выступіў супрацоўнік міліцыі Сяргей Калінін, які пацвердзіў факт вывешвання Чамуракам БЧБ-шарыкаў 15 студзеня, але ніякіх канкрэтных доказаў гэтага суду не паказаў. Было лішнім: суд паверыў міліцыянту на слова... Рашэнне суддзі Марыі Цыклінскай: прызнаць вінаватым і пакараць адміністрацыйным арыштам на 7 сутак.

З улікам трох сутак, праведзеных у аршанскім ІЧУ да суду, Міхаілу Чамураку давядзецца адседзець яшчэ чатыры. Пасля судовага паседжання Міхаіла Чамураку адразу затрымалі. Выйдзе на волю 25 студзеня.

С.Горкі