Друкаваць гэтую старонку
Серада, 30 Верасень 2020

Дзяўчыне, якая правяла трое сутак у ІЧУ за велапрабег салідарнасці, вынеслі папярэджанне

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Вольга Бабінская Вольга Бабінская

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску паставіў нарэшце кропку ў справе віцяблянкі Вольгі Бабінскай, якая 31 ліпеня была затрыманая за ўдзел у велапрабегу (ч.1 арт. 23.34 КаАП) і змешчаная на трое сутак у ізалятар часовага ўтрымання. 3 жніўня суд адправіў яе справу на дапрацоўку. 29 верасня «дапрацаваную» справу пачала разглядаць суддзя Алена Цыганкова.

На Вольгу Бабінскую былі складзеныя два пратаколы – за заклік да ўдзелу ў велапрабегу, апублікаваны ў Тэлеграме, а таксама – за ўласна ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (велапрабегу).

Працэс па адміністрацыйнай справе ў дачыненні Вольгі Бабінскай расцягнуўся на два дні. У якасці сведак былі апытаныя міліцыянты, у прыватнасці начальнік аддзелу аховы правапарадку Чыгуначнага РАУС Яўменаў, а таксама карыстальнікі Тэлеграм-чату «Віцебск велапрагулкі».

У якасці відэадоказу міліцыянты падалі ў суд ролік, у якім невялікая колькасць раварыстаў (да 10 чалавек) ездзіць па коле і звініць у званочкі.

Інтарэсы Вольгі Бабінскай абараняў адвакат. У сваім заключным слове ён прасіў суд скасаваць справу праз адсутнасць складу правапарушэння па абодвух пратаколах. Запэўніваў, што «катанне па коле на ровары» не падпадае пад дзеянне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, а апытанне ў Тэлеграме не было заклікам да ўдзелу ў такім мерапрыемстве. Звярнуў таксама ўвагу на вялікую колькасць працэсуальных парушэнняў і памылак з боку органа, які вёў адміністрацыйны працэс, найперш – на неабгрунтаванае затрыманне ягонай падабароннай на трое сутак.

Суддзя Алена Цыганкова справу не спыніла. Яна палічыла, што віна Вольгі Бабінскай «знайшла сваю пацверджанне» і прызначыла ёй спагнанне ў выглядзе папярэджання.

Сёння таксама суд Кастрычніцкага раёну пакараў штрафам за ўдзел у мірным шэсці 30 жніўня віцябляніна Яўгена Гуцалава – «беларускага Форэст Гампа», які летась бегма перасек за 10 дзён з поўдня на поўнач усю Беларусь, пераадолеўшы 650 км. Суддзя Уладзімір Царыкаў аштрафаваў яго на 16 базавых велічынь (432 рублі).

Зміцер Міраш