Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 18 Верасень 2020

«Бачыў, што адбывалася ў ізалятары». Лекара хуткай дапамогі аштрафавалі за ўдзел у акцыі пратэсту

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Уладзімір Тэн Уладзімір Тэн

У судзе Віцебскага раёна 17 верасня разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да лекара хуткай медычнай дапамогі, студэнта 4 курса ВДМУ Уладзіміра Тэна. Яго прызналі вінаватым у правапарушэнні паводле арт. 23.34 КаАП і аштрафавалі на 135 рублёў.

Справу разглядаў суддзя Міхаіл Зубеня. Згодна з пратаколам, 23 жніўня Уладзімір Тэн знаходзіўся перад уваходам у ГЦ «Марка-Сіці» і браў удзел у несанкцыянаваным мітынгу. «Стаяў у групе грамадзянаў, якія сабраліся з мэтай выказвання пратэсту супраць сітуацыі, якая склалася ў Рэспубліцы Беларусь, выкрыкваў лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Верым, можам, пераможам!» – гаворыцца ў пратаколе.

На судзе лекар-студэнт паведаміў, што, ідучы на акцыю, пачытаў Канстытуцыю РБ, і ведаў, што мае права выказваць свае меркаванні, але не ўяўляў сабе, што гэта можна рабіць толькі «з дазволу выканаўчых органаў у пэўных месцах».

Адказваючы на пытанне суддзі, навошта ён пайшоў на акцыю, Уладзімір патлумачыў, што «ад 9 да 10 жніўня разам з брыгадай працаваў і ў ізалятары гораду Віцебску». «Я бачыў усё, што там адбывалася, бачыў, што там рабілі з людзьмі, а таксама добра ведаў пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі і палічыў неабходным выйсці і выказаць сваё стаўленне», – сказаў Уладзімір Тэн.

Суддзя Міхаіл Зубеня, «улічваючы дадзеныя асобы», вырашыў, паводле яго словаў, «накласці спагнанне, набліжанае да мінімальнага», і аштрафаваў студэнта медуніверсітэта на 5 базавых велічынь (135 рублёў). Судовае рашэнне Уладзімір Тэн абскарджваць пакуль не плануе.

Уладзімір Бяляўскі