Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 14 Ліпень 2020

Прэцэдэнт створаны? Справу супраць актывісткі каманды Ціханоўскай – скасавалі

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Юлія Барсукова пасьля суду Юлія Барсукова пасьля суду

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 14 ліпеня разгледзеў адміністрацыйную справу паводле ч.3 арт. 23.34 КаАП у дачыненьні да актывісткі «Краіны для жыцьця» Юліі Барсуковай. Яе вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні 30 траўня. Судзьдзя Ільля Белавус пастанавіў спыніць справу «з-за недаказанасьці віны».

Разбор справы Юліі Барсуковай судзьдзя пераносіў да гэтага некалькі разоў: у першы раз – праз адсутнасьць відэаматэрыялаў, а ў другі – праз адсутнасьць сьведак.

Паводле пратаколу, Юлія Барсукова 30 траўня, знаходзячыся каля бізнэс-цэнру «Марка-Сіці» на пікеце па зборы подпісаў, дэманстравала плякат з надпісам «Свабоду Ціханоўскаму!» і партрэтам зьняволенага блогера, а таксама плякат з надпісам «No pasaran». На погляд міліцыі, гэтым самым актывістка парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Міліцыянты Зуеў і Жаголкін, якія прыйшлі 14 ліпеня на суд у якасьці сьведак, прызналіся, што ня бачылі Барсукову на пікеце, не было яе і на прагледжаным відэазапісе. Больш за тое, аказалася, што ў час, пазначаны ў пратаколе (ад 16.00 да 20.00), супрацоўнікі міліцыі адсутнічалі на пікеце і відэаздымкі не рабілі.

На судзе Юлія Барсукова заявіла, што ў той дзень яна брала ўдзел у «абсалютна легальным пікетаваньні для збору подпісаў у межах перадвыбарчай кампаніі» і запатрабавала спыніць адміністрацыйную справу супраць яе.

Судзьдзя Ільля Белавус, не атрымаўшы ніякіх істотных доказаў яе вінаватасьці, пастанавіў у выніку скасаваць адміністрацыйную справу з-за недаказанасьці віны. Ці будуць міліцыянты аспрэчваць гэтае рашэньне ў абласным судзе – пакуль невядома.

У Віцебску гэта першы выпадак, калі справа за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у дачыненьні актывіста была спыненая. Прэцэдэнт створаны. Судзьдзю Ільлю Белавуса праводзілі сёньня з залі судовых паседжаньняў гучнымі аплядысмэнтамі.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.