Друкаваць гэтую старонку
Серада, 05 Чэрвень 2019

Ігар Пастноў накіраваў апэляцыйную скаргу на вырак суду Бешанковіцкага раёну

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Ігар Пастноў у судзе (архіўнае фота, 2017 год) Ігар Пастноў у судзе (архіўнае фота, 2017 год)

Віцебскі псыхіятар Ігар Пастноў накіраваў у Віцебскі абласны суд апэляцыйную скаргу на вырак суду Бешанковіцкага раёну, які 20 траўня прызнаў яго вінаватым у паклёпе (ч.2 арт. 188 КК) на пракурора Віцебску і пакараў трыма гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

“Доктар-праўдаруб”, як яго называюць у Віцебску, просіць судовую калегію па крымінальных справах Віцебскага аблсуду адмяніць вынесены ў дачыненьні да яго прысуд, а справу накіраваць на перагляд у той жа суд у іншым складзе.

У скарзе Пастноў пералічвае шэраг падставаў, паводле якіх, на яго думку, прысуд падлягае адмене.

Суд ня высьветліў, каму належыць старонка “УКантакце”

У прыватнасьці кажа, што “абвінавачаньне не было пацьверджанае ніякімі фактычнымі доказамі, якія б наўпрост паказвалі на яго датычнасьць да зьдзяйсьненьня інкрымінаванага яму злачынства”. Зьвяртае ўвагу, што суд так і не зрабіў запыты ў адміністрацыі сацыяльнай сеткі “УКантакце”, каб спраўдзіць прыналежнасьць старонкі, зь якой распаўсюджваліся “заведама ілжывыя выдумкі”, датычныя пракурора Раманоўскага. Прыналежнасьць гэтай старонкі Пастнову засталася недаказаная.

У скарзе сьцьвярджаецца таксама, што “матэрыяламі справы не ўстаноўлена прамога намеру ў Пастнова зьдзейсьніць злачынства, паколькі зьвесткі ня былі заведама ілжывыя і былі распаўсюджаныя ў выніку добрасумленнай памылкі”.     

“Закон гаворыць пра заведама ілжывыя выдумкі, калі ў абвінавачанага няма падставаў лічыць, што інфармацыя праўдзівая. Калі грамадзянін памыляўся наконт праўдзівасьці распаўсюджанай інфармацыі, мяркуючы, што атрымаў яе з крыніцы, якая заслугоўвае даверу, крымінальная адказнасьць выключаецца”, – гаворыцца ў апэляцыйнай скарзе.

Адмовіў у правядзеньні экспэртызаў

У апэляцыі пералічваюцца шматлікія парушэньне КПК РБ, якія былі дапушчаныя падчас судовага паседжаньня.

Зазначаецца, што “суд незаконна і беспадстаўна адхіліў хадайніцтвы Пастнова аб правядзеньні шэрагу экспэртызаў, у тым ліку – лінгвістычнай”. У суд не былі выкліканыя і дапытаныя ўсе 22 заяўленыя сьведкі, ня быў апытаны і яшчэ адзін абвінавачаны ў паклёпе на пракурора Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард (іх справы былі разьдзеленыя).

Як аказалася, Пастноў быў выдалены з пасяджэньня, якое папярэднічала абвяшчэньню прысуду (суд праходзіў у закрытым рэжыме). Таму ў скарзе кажа, што, “у адпаведнасьці ч.1 арт. 391 КПК, прысуд падлягае адмене ў любым выпадку, калі крымінальная справа разглядалася ў адсутнасьць абвінавачанага”. Піша, што праз гэта быў пазбаўлены судовай абароны ў частцы апытаньня пацярпелага і сьведак, права даваць паказаньні па справе, выступаць у судовых спрэчках і права на апошняе слова.

“Пазначаныя парушэньні ёсьць істотнымі і цягнуць за сабой адмену прысуду”, – сьцьвярджае ў апэляцыі Пастноў.  

“Трэба адмяніць прысуд і на той падставе, што прызначанае пакараньне судом першай інстанцыі не адпавядае цяжкасьці злачынства і асобе абвінавачанага”, – гаворыцца ў апэляцыйнай скарзе.

Пастноў: Нічога добрага не чакаю, рэчы ўжо сабраў…

Сам “доктар-праўдаруб” Ігар Пастноў прызнаўся ў тэлефоннай размове, што доўга думаў, ці пісаць наогул апэляцыйную скаргу. Вырашыў напісаць, але толькі дзеля таго, каб выйграць трошкі часу.

“Шчыра лічу, што прысуд застанецца ў сіле. Бо ўпэўнены, што ён пісаўся ў кабінэце Сушчынскага (пракурор Віцебскай вобласьці - ВВ), а рэдагаваўся ў кабінэце старшыні абласнога суду. Таму нічога добрага ад гэтага не чакаю, ужо падрыхтаваўся і сабраў рэчы”, – сказаў Ігар Пастноў.

“Але я і задаволены. Бо калі раней хтосьці казаў, што ўсё гэта – мае хворыя фантазіі, то зараз многія пабачылі сапраўдны твар нашай Фэміды. Я задаволены, і я перамог. Пры любым выніку”, – дадаў.  

Паведаміў таксама, што ў Віцебскі абласны суд былі накіраваныя некалькі апэляцыйных скаргаў на вырак суду Бешанковіцкага раёну, у тым ліку – ад імя адваката.

Калі адбудзецца разгляд апэляцыйнай скаргі па справе Пастнова – пакуль невядома. Сочым за падзеямі.

Зьміцер Міраш