Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 11 Красавік 2019

“Усё па шаблёну”. Трох віцяблян аштрафавалі на 102 рублі кожнага за фота на Дзень Волі

Ацаніць гэты матэрыял
(21 галасоў)
Пасьля суду. Мікола Качурэц (у цэнтры) і браты Кійко Пасьля суду. Мікола Качурэц (у цэнтры) і браты Кійко

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 11 красавіка разглядаліся адміністрацыйныя справы ў дачыненьні Міколы Качурца і братоў Уладзімера і Яраслава Кійко. Тры розныя судзьдзі сінхронна пакаралі кожнага з актывістаў штрафам у памеры 4 базавых велічыняў – за фатаграфаваньне зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Актывістаў вінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Нібыта віцябляне, фатаграфуючыся з бел-чырвона-белым сцягам на фоне помніку Альгерду на Дзень Волі ў Віцебску, без дазволу зьдзяйсьнялі пікетаваньне. У якасьці доказаў супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС прыклалі да справы матэрыялы відэаздымкаў.

Разгляд усіх трох справаў быў прызначаны на адзін і той жа час 11 красавіка і разглядалі іх тры розныя судзьдзі: Ільля Белавус – справу Уладзімера Кійко, Уладзімер Царыкаў – справу Яраслава Кійко і Сьняжана Кіндзеева – Міколы Качурца.

Ніхто з абвінавачаных сваёй віны не прызнаў.  

Як патлумачыў у судзе Мікола Качурэц, 24 сакавіка ён адзначаў вялікае сьвята – 101-я ўгодкі БНР: “Любое сьвята такога кшталту мусіць адзначацца са сьцягам. Бел-чырвона-белы сьцяг – сьцяг БНР. Лукашэнка на свае сьвяты вывешвае савецкія сьцягі, а я ўзяў з сабой БЧБ сьцяг, каб сфатаграфавацца ля помніку Альгерду і ў іншых месцах. Так я раблю кожны год. І нічога супрацьпраўнага ў сваіх дзеяньнях ня бачу”.

На ўсіх трох паседжаньнях у якасьці сьведкаў з боку міліцыі выступілі адны і тыя ж супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС – Ярашэўскі, Карпушка, Дзятлаў. Міліцыянты ня здолелі ўцямна патлумачыць у судзе, што такое пікетаваньне і зь якой прычыны трыманьне ў руках бел-чырвона-белага сьцяга для фатаграфаваньня яны палічылі за правапарушэньне.

Пры гэтым згадзіліся, што бел-чырвона-белы сьцяг у нашай дзяржаве не знаходзіцца пад забаронай.

Тым ня менш усе тры судзьдзі амаль сінхронна (з разьбежкай у 5 хвілінаў) прызналі віцяблян вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавалі кожнага зь іх на 102 рублі (4 базавыя велічыні).

Праваабаронца: Пра ўсё было дамоўлена...

“Усё па шаблёну, ўсё па стандарту, – пракамэнтавала рашэньні судзьдзяў віцебская праваабаронца Ірына Трацякова. – Пра ўсё было загадзя дамоўлена, таму такія аднолькавыя пастановы і аднолькавыя штрафы. А мы цяпер не разумеем, з чым можна фатаграфавацца, дзе можна фатаграфавацца і колькі сэкунд можна фатаграфавацца, каб гэта не расцанілі як пікетаваньне…”.

Нагадаем, 24 сакавіка віцябляне адзначылі 101-ю гадавіну БНР ускладаньнем кветак да помнікаў князю Альгерду і Уладзімеру Караткевічу, а таксама да памятнай дошкі Васілю Быкава і да мэмарыялу, усталяванаму каля Усьпенскага сабору на месцы пахаваньня нявінна забітых грамадзянаў. Усё, што адбывалася падчас ушанаваньня, фіксавалася на фота- і відэакамэры супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным адзеньні. Але 24 сакавіка нікога не затрымлівалі і не папярэджвалі. Пратаколы на актывістаў складаліся цягам наступнага тыдня.

Зьміцер Міраш, С.Горкі