Друкаваць гэтую старонку
Серада, 31 Ліпень 2019

Эўразьвяз асудзіў вынясеньне сьмяротнага выраку ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Эўразьвяз асудзіў чарговы сьмяротны вырак, які вынесьлі ў Беларусі. 30 ліпеня судовая калегія па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду прысудзіла да найвышэйшай меры пакараньня жыхара Віцебшчыны Віктара Паўлава, які быў прызнаны вінаватым у забойства двух сясьцёр 76 і 78 гадоў у вёсцы Прысушына, піша TUT.BY.

“Сьмяротнае пакараньне ня служыць стрымліваючым фактарам для зьдзяйсьненьня злачынства, і любыя памылкі становяцца незваротнымі. Гэта жорсткае, бесчалавечнае пакараньне, якое зьневажае годнасьць і парушае права на жыцьцё, замацаванае ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека”, – гаворыцца ў паведамленьні Эўрапейскай зьнешнепалітычнай службы.

У ЭЗ зноў нагадалі, што памякчэньне сьмяротных прысудаў і ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне былі б пазытыўным першым крокам да яе адмены.

“Рэальныя крокі, зробленыя Беларусьсю для захоўваньня правоў чалавека, у тым ліку ў дачыненьні да сьмяротнай кары, застаюцца ключавымі для фармаваньня будучай палітыкі ЭЗ у адносінах да краіны”.