Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 11 Красавік 2022

У Віцебску ахвотным прапануюць арандаваць райаддзел міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Будынак на Суварова, 30 у Віцебску. Фота: imvit.by Будынак на Суварова, 30 у Віцебску. Фота: imvit.by

Цэнтр нерухомасці гораду Віцебску прапануе ў арэнду комплекс будынкаў, якія яшчэ некалькі гадоў таму займаў аддзел міліцыі Кастрычніцкага раёну. Цяпер РАУС пераехаў у новы будынак, адмыслова ўзведзены для міліцыянтаў на вуліцы Церашковай. А будынкі па адрасе вул. Суворава, 30 – у гістарычным цэнтры Віцебску – прапануюць у арэнду ўсім ахвотным.

Праўда, кошт арэнды пакуль не пазначаны. Як і мэтавае прызначэнне, хаця гэта абавязковая ўмова, якую павінен выканаць новы гаспадар.

Справа ў тым, што забудова вуліцы Суворава (гістарычная назва вуліцы – Узгорская) з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 3-й катэгорыі. Будынкі, узведзеныя ў асноўным у канцы 19-га – пачатку 20-га стагоддзяў, павінны вельмі ашчадна рэстаўравацца і рамантавацца, і іхнае аблічча не можа быць знявечанае – гэта забаронена беларускім заканадаўствам. Аднак на сайце Цэнтру нерухомасці не пазначана, што прынамсі адзін з будынкаў – гэта помнік архітэктуры.

Фота: imvit.by

Увогуле ж, у арэнду прапануецца ўвесь комплекс – а гэта 5 збудаванняў агульнай плошчай 2298 м.кв., у тым ліку адміністрацыйны корпус плошчай 1359,7 м.кв., уласна помнік архітэктуры, і некалькі гаспадарчых пабудоваў. Шэраг фотаздымкаў былой міліцэйскай маёмасці вельмі выразна дэманструе стаўленне да гістарычнай спадчыны, а таксама стыль гаспадарання сілавікоў.

Сыходзячы са свайго былога месца працы, яны пакінулі пасля сябе горы смецця, паламаную мэблю, сапсаваныя харчы, міліцэйскую фуражку ў адным з кабінетаў і стэнд з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі, кінуты ў калідоры разам з іншым друзам.

Фота: imvit.by

Ва ўнутраным двары, куды ніколі не траплялі шараговыя гараджане, застаўся бюст Леніна. Гэта вынік працы скульптара Акіма Курачкіна, які з 1965 да 1985 году стаяў каля будынку былога абкаму КПБ. Потым яго перанеслі на «міліцэйскія задворкі», дзе і пакінулі ў спадчыну новым арандатарам будынкаў.

Фота: imvit.by

Феліцыян Красоўскі