Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 26 Кастрычнік 2017

У аптэках Віцебску лекі на 30% даражэйшыя, ніж у расейскім Смаленску

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
У аптэках Віцебску лекі на 30% даражэйшыя, ніж у расейскім Смаленску Фота: sputnik.by

Параўнальны аналіз цэнаў на лекі ў Віцебску і Смаленску, а таксама ў раёнах Віцебскай вобласьці правёў Камітэт дзяржкантролю. Параўнаўшы кошты прэпаратаў 30 найменьняў,  праверка высьветліла, што ў палове выпадкаў лекі ў віцебскіх аптэках на траціну даражэйшыя, чымся ў суседнім Смаленску. Цэны на другую палову адрозьніваюцца мала.

Што тычыцца раёнаў Віцебскай вобласьці, то там параўнальнаму аналізу былі падвергнутыя найбольш запатрабаваныя лекавыя сродкі імпартнай і айчыннай вытворчасьці больш за 40 найменьняў рознага спэктру дзеяньня, што рэалізуюцца праз аптэчныя сеткі: антыбіётыкі, гіпатэнзіўныя (якія паніжаюць артэрыяльны ціск), імунастымулюючыя, гіпаліпідэмічныя (якія зьніжаюць халестэрын у крыві). Было выяўлена, што ў аддаленых ад абласнога цэнтру раёнах Віцебскай вобласьці цэны на большасьць лекаў у сярэднім вышэйшыя на 10%, што зьвязана з дадатковымі транспартнымі выдаткамі і адсутнасьцю канкурэнцыі ў рэгіёнах.

Камітэт дзяржкантролю накіраваў прапановы аб прыняцьці мер па зьніжэньні коштаў на лекавыя прэпараты арганізацыям, якія маюць розьнічныя аптэчныя сеткі ў Беларусі, паведамляе сайт ведамства.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc