Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 27 Верасень 2012

Любоў Кавалёва падала наглядную скаргу ў Вярхоўны суд

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Любоў Кавалёва Любоў Кавалёва

Маці расстралянага Ўладзіслава Кавалёва падала наглядную скаргу. Скарга заняла больш за 50 старонак, яе Любоў Кавалёва падала ў Вярхоўны суд 27 верасьня. “Судзьдзя, які нас прымаў, хацелася б думаць, што ён сур’ёзна паставіцца да гэтай справы. Але ён нават не падымаў вачэй. Машынальна прагледзеў, і тое — толькі папярэднюю скаргу. Сказаў, што скарга прынятая”, — кажа Любоў Кавалёва.

 

У скарзе пералічваюцца ўсе парушэньні крымінальна-працэсуальнага кодэксу. У дакумэнце — згадваюцца хадайніцтвы адваката, якія адхіліў суд, парушэньні права на абарону, калі адваката не пускалі ў СІЗА. А таксама парушэньне права на абскарджаньне, калі Кавалёву не далі магчымасьці сустрэцца і падпісаць скаргу напярэдадні сьмяротнага пакараньня.

У скарзе падаюцца факты адсутнасьці сьлядоў выбуховых рэчываў, дадаюцца стоп-кадры відэазапісу, які не дазволілі адвакату пракамэнтаваць у судзе, факты парушэньня выманьня відэа з мэтро. Любоў Кавалёва адзначае ў скарзе, што сваім рашэньнем суд пасеяў у грамадзтве страх недаверу да судовай сыстэмы. Адказ на скаргу мусіць прыйсьці на працягу месяца.

“Мы ведаем, якім будзе адказ, - у голасе мамы Улада Кавалёва асуджанасьць. - Калі пры жыцьці сына ўлады не пускалі да яго адваката і пасьпяшаліся яго расстраляць. Пра ўсе парушэньні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу падчас сьледзтва і суда мы [разам з адвакатам Станіславам Абрпазеем] напісалі. Згадалі і відэазапіс з мэтро з элемэнтамі мантажу, і вынікі экспэртызы, згодна зь якімі ні на вопратцы, ні на целе ў Дзьмітрыя Канавалава і Ўлада Кавалёва ня знойдзена сьлядоў выбуховых рэчываў. Не знайшлі іх ані ў кватэры, якую зьняў Дзіма”.

“Пакуль вялося сьледзтва, адваката да Ўлада дапусьцілі толькі адзін раз! - прагадвае Любоў Кавалёва. - Яны бачыліся толькі падчас сьледчых дзеяньняў. А тыя некалькі месяцаў, што доўжыўся судовы працэс, адвакат размаўляў з сынам ня больш за дзьве з паловай гадзіны. Улад мог пагутарыць з адвакатам, толькі калі яго прыводзілі ў клетку, а суд яшчэ не пачаўся. Нічога не зьмянілася і пасьля вынясеньня прысуду: адваката не пускалі ў СІЗА КДБ. Майго сына проста пазбавілі права на абарону і магчымасьці абскардзіць прысуд! Гэта даказвае і тое, што на судзе большасьць хадайніцтваў адвакатаў былі адхіленыя”.

“Дагнэтуль невядома, хто былі рабочыя, якія ладзілі рамонт 10 красавіка (за дзень да тэракту) на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» або «Купалаўская», каму належала сім-картка расейскага апэратара «Мэгафон», знойдзеная ў кватэры, якую здымаў Канавалаў. Потым гэтую картку зьнішчылі як рэчдок. Улад пісаў даверанасьці на маё імя, каб я магла прадстаўляць ягоныя інтарэсы ва ўсіх арганізацыях па абароне правоў чалавека, у тым ліку і міжнародных. Але ніводную зь іх мне не перадалі. Адміністрацыя СІЗА КДБ пазбавіла майго сына магчымасьці зьвяртацца па абарону ад самавольства судовай сыстэмы ў міжнародныя арганізацыі”.

“На папярэднім сьледзтве Ўлад даў прызнальныя паказаньні толькі таму, што супрацоўнікі ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю гутарылі зь ім без адваката, - упэўненая Любоў Кавалёва. - Гэта супярэчыць закону. Усе сьледчыя дзеяньні павінны чыніцца пры ўдзеле абаронцы. Апрача таго, Улада дапытвалі нават у начны час. На судзе мой сын адмовіўся ад тых паказаньняў, зробленых пад ціскам. Пра тое, што да Ўлада ўжываліся сілавыя мэтады, сьведчаць і цялесныя пашкоджаньні, якія зафіксаваныя падчас папярэдняга сьледзтва. Ніхто гэтыя факты не расьсьледаваў! Яны яго катавалі, каб выбіць прызнальныя паказаньні, на падставе якіх суд потым прызнаў Улада вінаватым. Нягледзячы на ​​тое, што сам ён ад іх адмовіўся”.

Любоў Кавалёва абараняе ня толькі свайго сына, але і Дзьмітрыя Канавалава: “Паводле заключэньня экспэртаў ФСБ РФ, Дзіма і чалавек, зафіксаваны на відэазапісу ў мэтро, ​​не падобныя”. Маму Дзімы Канавалава Любоў Кавалёва нядаўна выпадкова сустрэла ў краме: “Што цяпер … Чалавека ўжо няма, - сказала маці пакаранага. Я разумею, чаму яна гэтак паводзілася падчас сьледзтва і суду, - кажа Любоў Кавалёва. - У іх уся сям’я была ў закладніках. Яна магла страціць і мужа, і другога сына. Яны ж некалькі месяцаў пасьля тэракту правялі пад вартай”.

Пасьля пакараньня сьмерцю Ўлада Кавалёва мінула ўжо больш за паўгода: “Ён мне сьніцца часам. Чамусьці падлеткам, - плача мама Ўлада. - Я адчуваю ягоную прысутнасьць. Усе 24 гадзіны ён са мной”. - Любоў Кавалёва прызнаецца, што ёй лягчэй на людзях: “Мяне падтрымліваюць. Разумею, што я не адна са сваім горам. Незнаёмыя людзі падыходзяць да мяне на вуліцы і кажуць: «Мы з вамі! Трымайцеся!»”.

У царкву мама пакаранага больш не ходзіць: “Царква павінна была першай выступіць за скасаваньне сьмяротнага прысуду, - лічыць яна. - А ў Бога я веру і малюся за сына дома. Я і жыву цяпер дзеля таго, каб рэабілітаваць хлопцаў”.

Паводле Эўрарадыё і “Салідарнасьці”