Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 24 Студзень 2017

Віцябчук дамогся адмены ў рэгіёне канцэртаў шансанье-беларусафоба?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Сяргей Сясіцкі Сяргей Сясіцкі Facebook

Жыхар Віцебску Сяргей Сясіцкі атрымаў адказ з аблвыканкаму на свой нядаўні ліст з патрабаваньнем адмяніць у Віцебскай вобласьці канцэрты шансанье Віктара Каліны. Апошні вядомы сваімі антыбеларускімі выказваньнямі (называе Рэспубліку Беларусь «беларашкай») і ўдзелам у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку незаконных фармаваньняў сэпаратыстаў.

Сваё патрабаваньне Сяргей матываваў тым, што, на яго думку, публічная гастрольная дзейнасьць згаданага грамадзяніна падрывае нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь, пагражае грамадзянскаму міру ў нашай краіне і супярэчыць указу «Аб правядзеньні культурна-відовішчных мерапрыемстваў», згодна зь якім забараняецца правядзеньне імпрэзаў, якія маюць на мэце ажыцьцяўленьне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасьці.

У атрыманым адказе паведамляецца, што аблвыканкам не атрымліваў зваротаў ад Віктара Каліны наконт выдачы пасьведчаньня на права арганізацыі і правядзеньня культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Віцебскай вобласьці. А рэклямная інфармацыя аб правядзеньні канцэртаў, што зьявілася, была незаконнай, і артысту растлумачаная недапушчальнасьць правядзеньня рэклямнай кампаніі да моманту атрыманьня адпаведнага пасьведчаньня. Пасьля афіцыйнага адказу рэкляма пра канцэрты, што мусілі адбыцца ў некалькіх гарадох Віцебшчыны ў лютым, была выдаленая з інтэрнэту.

А неўзабаве «прыхільнік Славянскага сьвету», як Каліна сам пра сябе заяўляе – хутчэй за ўсё, праз страх страціць магчымасьць зарабляць у Беларусі – зьмясьціў на сваім сайце адкрыты зварот да сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, супрацоўнікаў культуры і ідэалёгіі, а таксама да прыхільнікаў і гледачоў. У звароце выканаўца шансону выказаў вялікую павагу прэзыдэнту Лукашэнку, захапіўся ўзроўнем разьвіцьця ў краіне дэмакратыі і магчымасьцю самавыражэньня, а таксама не забыўся прайсьціся па беларускай апазыцыі. Мабыць, такім чынам ён паспрабаваў быў спадабацца беларускім чыноўнікам, каб атрымаць гастрольнае пасьведчаньне.

Але калі аддзел ідэалёгіі аблвыканкаму набярэцца адвагі і ня стане выдаваць пасьведчаньне прыхільніку «славянскага/рускага сьвету», то мо канцэртаў у Віцебскай вобласьці і ня будзе.

Уладзімер Бяляўскі