Друкаваць гэтую старонку
Субота, 22 Студзень 2022

За 2021 год на рынку працы павялічыўся дэфіцыт працоўных рук і паглыбіўся дысбаланс даходаў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Да пачатку 2022 году на рынку працы Віцебскай вобласці выявіліся негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя з дэфіцытам працаўнікоў і спецыялістаў ва ўсіх асноўных галінах эканомікі. Гэта звязана з праблемамі ў беларускай эканоміцы, уведзенымі санкцыямі і палітычным крызісам, які працягваецца пасля выбараў 2020 году.

Як паведаміў камітэт па працы, занятасці і сацабароне Віцебскай вобласці, на пачатак 2022 году наймальнікі заявілі аб наяўнасці 8,9 тыс. свабодных працоўных месцаў, што на 37,7% больш, чым на 1 студзеня 2021 г. (6,4 тыс.).

Найбольш запатрабаванымі сталі швачкі, кіроўцы, кантралёры-касіры, прадаўцы, слесары-рамонтнікі, электрагазазваршчыкі. Сярод спецыялістаў і службоўцаў пастаянным попытам карыстаюцца бухгалтары, інжынеры, медсёстры, лекары. У сельскай мясцовасці запатрабаваныя трактарысты, аператары машыннага даення, жывёлаводы, ветэрынары, заатэхнікі.

Праблема ў тым, што на гэтыя вакансіі цяжка знайсці кваліфікаваных работнікаў праз нізкія заробкі і непрымальныя ўмовы працы. Сярэднія заробкі ў сельскай гаспадарцы складаюць толькі 46% ад даходаў у фінансавай і страхавой дзейнасці, у работнікаў спорту і адпачынку (тое, што раней вызначалася як «сацкультбыт») даходы яшчэ ніжэйшыя.

Поспехі асобных прадпрыемстваў таксама вызначаюць сярэднія заробкі ў адміністрацыйных адзінках Віцебскай вобласці: дзякуючы «Нафтану» жыхары Наваполацку зарабляюць у сярэднім больш за 1000 руб., а на Шаркоўшчыне – толькі 500-600 руб., бо ў гэтым раёне асноўную масу працоўных месцаў падаюць сельскагаспадарчыя і бюджэтныя арганізацыі.

На фоне гэтых праблем віцебскія статыстыкі вывелі з публічнага абароту інфармацыю пра колькасць звольненых і прынятых на працу цягам студзеня-снежня 2021 году. Гэты факт утойвання ад грамадскасці важнага эканамічнага індыкатара наводзіць на думку, што не ўсё так добра ў рэгіёне на рынку працы, як гэта гучыць у хвалебных справаздачах камітэту па працы, занятасці і сацабароне Віцебскай вобласці.

Віталь Кажух