Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 06 Красавік 2021

У Наваполацку затрыманы яшчэ адзін удзельнік страйку на «Нафтане» – Аляксандр Сакалоў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Аляксандр Сакалоў Аляксандр Сакалоў

У Наваполацку затрымалі яшчэ аднаго ўдзельніка стачкі на прадпрыемстве «Нафтан» Аляксандра Сакалова. Пра гэта паведаміў стачкам на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». Паведамляецца, што ён быў затрыманы па справе відэароліка, знятага ў падтрымку галасавання на платформе «Голас». Навапалачаніна, як і іншых затрыманых, вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 24.34 КаАП).

«Сёння быў захоплены Аляксандр Сакалоў. Заўтра чакаецца суд, але наўрад ці варта спадзявацца на справядлівае рашэнне – нашаму таварышу пагражае як мінімум 15 сутак арышту», – піша «Стачкам ААТ «Нафтан».

Аляксандр Сакалоў працуе на «Нафтане» аператарам устаноўкі «Сумарныя ксілолы». У 2017 годзе афіцыйнае выданне «Веснік Нафтана» пісала пра Сакалова як пра моладзевага лідара і прэтэндэнта на перамогу ў намінацыі «Прызнанне» завадскога форуму, як аднаго з тых, хто «імкнецца развівацца шматгранна» і «дэманструе хуткі прафесійны рост».

Стачкам нагадвае, што дагэтуль за кратамі знаходзяцца яшчэ чацвёра ўдзельнікаў страйку – Аляксандр Капшуль, Аляксей Драбіцкі, Сяргей Лапуноў і Андрэй Шкірэнка. 25 сакавіка кожны з іх быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Відэа ў падтрымку галасавання на платформе «Голас» («Твой голас – голас Беларусі») з'явілася ў інтэрнэце 20 сакавіка. Амаль адразу пачалося паляванне на тых страйкоўцаў, хто ўдзельнічаў у яго стварэнні. На кватэрах затрыманых удзельнікаў стачкі прайшлі ператрусы.

Зміцер Міраш