Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 18 Сакавік 2021

У Віцебску ладзілі страйк кіроўцы смеццявозаў – на «Спецаўтабазе» ўпалі заробкі

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Ілюстрацыйны здымак Ілюстрацыйны здымак

На пачатку тыдня ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя аб тым, што на прадпрыемстве «Спецаўтабаза» у Віцебску нібыта адбылася забастоўка. Як паведамляецца, прычына незадаволенасці працаўнікоў – малыя заробкі. FINANCE.TUT.BY спраўдзіла, ці так гэта.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Мотолько помоги», у панядзелак, 15 сакавіка, усе работнікі смеццявозаў нібыта не выехалі на маршруты, адной машынай перагарадзілі выезд з базы. Сцвярджалася, што прычынай стала змяншэнне заробкаў. «Пасля забастоўкі начальства пагадзілася правесці сход. Ад аўторка кіроўцы аднавілі працу», – паведамляе тэлеграм-канал.

Адзін з чытачоў даслаў у рэдакцыю фота таго, што, з ягоных словаў, адбывалася ў панядзелак на віцебскай «Спецаўтабазе».

FINANCE.TUT.BY дазваніўся да дырэктара прадпрыемства Юрыя Галушкі, каб спраўдзіць інфармацыю.

«Нічога распавядаць не буду, ніякага страйку не было», – коратка пракаментаваў той. Пра якія-небудзь падрабязнасці дырэктар расказваць не захацеў.

Віцебская «Спецаўтабаза» аказвае паслугі ў вывазе цвёрдых камунальных адкідаў (ЦКА) у жылых дамах і для юрыдычных асобаў, пахаванні ЦКА ды іншых адходаў, вывазе і выкарыстанні будаўнічых адкідаў і гэтак далей. У рэспубліканскім банку вакансій апублікаванае толькі адно свабоднае месца на прадпрыемстве для сартавальніка адкідаў – з заробкам ад 500 рублёў.

Пазней з рэдакцыяй звязаўся адзін з працаўнікоў «Спецаўтабазы». Паводле ягоных слоў, на прадпрыемстве «другі месяц нізкія заробкі, большасць звольнілася, бракуе рабочых».

«У панядзелак паставілі машыну на заезд / выезд на базу, каб ніхто не паехаў працаваць. Чакалі начальства, каб выказаць сваю незадаволенасць. Дырэктар нічога цямнага не сказаў, кажа, едзьце працаваць. Вельмі доўга размаўлялі з галоўным інжынерам, які пазбавіў майстроў прэміі, ён жа ўрэзаў кіламетраж, кубатуру ды іншае. А абʼём працы застаўся ранейшым, праз гэта такія нізкія заробкі. З мінулага месяца яны знізіліся на 300-700 рублёў. Нават тыя рабацягі, якія ад 6-й раніцы да вечара працавалі, атрымліваючы раней 1300-1500, цяпер атрымалі 700 рублёў. Адзін хлопец нават прыводзіў камісію з аховы працы, бо ў яго была перапрацоўка 96 гадзін, а яму заплацілі каля 45 рублёў», – паведаміў працаўнік «Спецаўтабазы».

Па ягоных словах, у студзені ён атрымаў 932 рублі, у лютым – 462, у сакавіку – 522.

«Мяне праца задавальняе, але што яны пазбавілі нас заробкаў... Такімі тэмпамі ўсе пачнуць сыходзіць, – канстатуе працаўнік. – Я пачакаю наступны заробак у красавіку, а там будзе відаць. Многія ўжо звольніліся, а іншыя думаюць, што ўсё наладзіцца, і далей працуюць…»