Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 01 Жнівень 2019

Свабодны прафсаюз атрымаў паўторны наказ вызваліць офіс на “Полацак-Шкловалакно”

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Полацкі аддзел прымусовага выкананьня даслаў Свабоднаму прафсаюзу Беларускаму (СПБ) паўторны наказ, каб той вызваліў памяшканьне, якое належыць ААТ “Полацак-Шкловалакно”. Але памяшканьне, у якім знаходзіўся офіс СПБ, прафсаюз вызваліў яшчэ ў красавіку 2019 году – на ўваходзе ў памяшканьне вісіць замок арэндадаўцы. У чым справа?..

Штраф за тое, што ўжо выканана?..  

Свабодны прафсаюз Беларускі 26 ліпеня зноў атрымаў прадпісаньне Полацкага міжраённага аддзелу прымусовага выкананьня вызваліць памяшканьне, што належыць прадпрыемству “Полацак-Шкловалакно”. Прафсаюзныя лідэры зьдзіўленыя, бо СПБ яшчэ 18 ліпеня вызваліў гэтае памяшканьне, аб чым быў складзены акт судовым выканаўцам Антонам Лашкевічам. Цяпер ён жа даслаў паўторны наказ вызваліць памяшканьне цягам сямі дзён.

Судовы выканаўца пагражае прафсаюзу адміністрацыйным штрафам, калі ён не вызваліць памяшканьне.

Прадстаўнікі СПБ удакладняюць, што 18 красавіка яны перадалі памяшканьне арэндадаўцу (ААТ “Полацак-Шкловалакно”) і той павесіў на дзьверы свой замок, але ў памяшканьні засталася маёмасьць пяршоўкі СПБ.

Справу могуць зноў накіраваць у суд

У аддзеле прымусовага выкананьня прадстаўніку першаснай арганізацыі СПБ паведамілі, што мінулы акт аб выкананьні судовага рашэньня быў адменены начальніцай Полацкага аддзелу прымусовага выкананьня Людмілай Лісавай. Падставай для адмены было тое, што, паводле загаду абласнога эканамічнага суду, даўжнік мусіць зрабіць захады па вызваленьні памяшканьня ад маёмасьці.  

“Калі памяшканьне ня будзе вызваленае ад маёмасьці, незалежна ад таго, хто ягоны ўласьнік, справа можа быць зноў накіраваная ў суд. І ўжо суд вырашыць, што рабіць з маёмасьцю. Суд можа дазволіць арэндадаўцу самому распарадзіцца гэтай маёмасьцю”, – патлумачыў судовы выканаўца Антон Лашкевіч.

У сваю чаргу старшыня СПБ Мікола Шарах кажа, што ўсе магчымыя захады па вызваленьні памяшканьня ад маёмасьці ўжо былі зробленыя.

“Мы, як юрыдычная асоба “Свабодны прафсаюз Беларускі”, зрабілі ўсе магчымыя паводле Статуту СПБ захады. Зьвярнуліся ў першасную арганізацыю з просьбай забраць маёмасьць. Але загадаць пяршоўцы, як трэба распараджацца яе маёмасьцю, мы ня маем права”, – сказаў Мікола Шарах.

СПБ прапануе вырашыць пытаньне аб маёмасьці беспасярэдне з Першаснай арганізацыяй працаўнікоў ААТ “Полацак-Шкловалакно”. Але гендырэктар прадпрыемства Алег Курылін не жадае ўступаць у перамовы са Свабодным прафсаюзам, прынамсі да таго часу, пакуль “на ўласныя вочы не пабачыць канкрэтнага працаўніка “Полацак-Шкловалакно”, які зьяўляецца сябрам СПБ”.  

Толькі лічбы і факты

  • Пяршоўка СПБ дзейнічае на ААТ “Полацак-Шкловалакно” больш за 20 гадоў. Увесь гэты час яна арандавала памяшканьне для офісу ў завода.
  • За гэтыя гады каля 400 завадчан напісалі заявы аб уступленьні ў Свабодны прафсаюз. Усяго на прадпрыемстве працуе пад 4000 работнікаў.
  • Згодна са Статутам прафсаюзу, Першасная арганізацыя СПБ працаўнікоў заводу “Шкловалакно” ёсьць самастойнай юрыдычнай асобай і не адказвае па абавязках СПБ.

Сытуацыя з правамі працоўных пагаршаецца

Ад жніўня 2015 году на прадпрыемстве “Полацак-Шкловалакно” двойчы зьмянялі дырэктара. Сытуацыя з правамі працоўных на абарону сваіх сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў істотна пагоршылася.

Працаўнікі ня могуць публічна заявіць пра сваё сяброўства ў СПБ, бо ім пагражаюць не працягнуць кантракт ці прычыніць іншую шкоду. Новы кіраўнік Курылін зьяўляецца сябрам старога савецкага Белхімпрафсаюзу і не жадае весьці перамовы з удзелам Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Калі дырэктару была прад’яўленая заява аднаго з працаўнікоў заводу аб яго сяброўстве ў СПБ, гэтага працаўніка вымусілі напісаць заяву на імя начальніка цэху аб яго няўдзеле ў прафсаюзе.

Аляксандар Марозаў