Дыскрымінацыйныя ўмовы ўтрымання жанчын у месцах пазбаўлення волі – даўняя праблема ў Беларусі, адзначаюць у Respect-Protect-Fulfil. Акрамя палітычных вязняў (паводле звестак на канец 2025 года, іх у краіне не менш за 167), у пенітэнцыярных установах знаходзяцца тысячы жанчын, якія штодня сутыкаюцца з неналежнымі, небяспечнымі і/або прыніжаючымі годнасць умовамі ўтрымання. Гэтая праблема не аднойчы станавілася аб'ектам увагі міжнародных органаў
Даклад пабудаваны на аснове інтэрв'ю з былымі зняволенымі. Праваабаронцы зафіксавалі дыскрымінацыйныя практыкі ў беларускіх пенітэнцыярных установах і ацанілі іх з пункту гледжання адпаведнасці нормам міжнароднага права. Яны адзначаюць
- неналежныя ўмовы ўтрымання жанчын, уключна з адсутнасцю гігіены ды парушэнне права на здароўе;
- неналежнае стаўленне і сексуалізаваныя дамаганні з боку персаналу;
- утрыманне цяжарных і жанчын, што нядаўна нарадзілі;
- форменнае адзенне зняволеных і прымусовая праца.
Асобнае месца надаецца формам дыскрымінацыі, што перасякаюцца, а таксама немагчымасці абскардзіць існуючыя парушэнні ў рамках нацыянальных працэдур.
"Хоць утрыманне мужчын-зняволеных у Беларусі таксама з'яўляецца неналежным, аднолькава дрэнныя ўмовы могуць аказваць значна большы і горшы ўплыў на жанчын – праз біялагічныя або сацыяльна-культурныя адрозненні, у тым ліку ролі, што адводзяцца ў грамадстве жанчынам і мужчынам, праз дысбаланс улады і г.д.", – адзначаюць у Respect-Protect-Fulfil.