Друкаваць гэтую старонку
Серада, 08 Люты 2023

У «Шэрай кнізе – 2022» віцебскія праваабаронцы зафіксавалі 242 факта парушэнняў правоў чалавека

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Традыцыйна, на пачатку года, выйшла рэгіянальное выданне "Шэрая кніга", у якой падаецца хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне са студзеня па снежань 2022 года. Аб’ём кнігі складае 84 старонакі, на якіх распавядаецца пра 242 выпадка парушэння ўладамі грамадскіх і палітычных правоў жыхароў вобласці. Калі параўноўваць з мінулым годам, колькасць зафіксаваных парушэнняў у Віцебскай вобласці засталось на тым жа ўзроўні.

Аўтары выдання падрыхтавалі таксама электронную версію кнігі, якую размясцілі ў інтэрнэце на сайце “Віцебская вясна”, так што азнаёміцца з яе зместам і пры жаданні надрукаваць можа кожны ахвотны. 

У матэрыялах кнігі распавядаецца пра крымінальныя справы супраць актывістаў грамадзянскай супольнасці падчас пратэстаў, факты парушэнняў грамадзянскіх і палітычных правоў, вынікі маніторынгу судовых працэсаў, факты парушэнняў выбарчага заканадаўства, абмежаванне эканамічных свабод, ціск на журналістаў, перашкоды дзейнасці праваабаронцаў, грамадзянскія акцыі, звароты грамадзян у Камітэт ААН па правах чалавека і шмат іншага.

Задакументаваныя выпадкі парушэнняў правоў чалавека ў Віцебскай вобласці, пры неабходнасці, можна выкарыстоўваць у якасці доказаў пераследу грамадзян з боку ўладаў.

Іван Чайка