Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 20 Студзень 2023

Аналітычны агляд правоў чалавека ў Беларусі ў 2022 году

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Летась працягваўся і нарастаў надзвычай глыбокі грамадска-палітычны крызіс, у вытоках якога знаходзілася ўзурпацыя ўлады і яе засяроджванне на працягу чвэрці стагоддзя ў руках А. Лукашэнкі, вынікам якой сталі слабасць дэмакратычных інстытутаў, адсутнасць найважнейшых і абавязковых дэмакратычных гарантый, павагі і выканання правоў  чалавека і асноўных свабод. Поўны тэкст агляду можна паглядзець тут

Не змірыўшыся з дэ-факта паразай на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года, пабачыўшы прыкметы недзеяздольнасці і стомленасці карнага апарату, улада працягвала перафарматаванне сваіх інстытутаў пад патрэбы таталітарнай сістэмы, якая прыйшла на змену аўтарытарызму, канчаткова знішчаючы станоўчыя дасягненні ранейшых гадоў, якія з'явіліся вынікам кампрамісаў і супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі, грамадзянскай супольнасцю і яго інстытутамі.

Такім чынам, правы і свабоды, каштоўнасць і ўніверсальнасць якіх і раней не ў поўнай ступені падзяляліся нават у рыторыцы, а дэ-факта рэгулярна парушаліся ўладамі, засталіся без аніякай падтрымкі з боку ўладных інстытутаў.

Улады паўсюдна ўкараняюць і агрэсіўна адстойваюць свае правы на парушэнне правіл канстытуцыйнай змены ўлады і ўліку меркавання народа падчас прыняцця рашэнняў, парушэнне права на мірныя сходы, асацыяцыі, умяшанне ў свабоду выказвання меркаванняў.

Катаванні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання з палітычных матываў зрабіліся жахліва паўсядзённай, будзённай нормай. У правядзенне таталітарнай палітыкі ўцягнутыя ўсе галіны ўлады: выканаўчая, судовая і заканадаўчая. Імі выбудоўваецца новая сістэма, якая выключае любыя адступленні ад дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі, закладаецца дзеля гэтага канстытуцыйная і заканадаўчая аснова.

З гэтай мэтай ствараецца новая ідэалогія, дзе ў сімбіёзе з наратывамі мінулых гадоў, часоў СССР: варожае асяроддзе, барацьба з дзяржаўнай здрадай, барацьба з нацызмам — ужываецца найноўшая тэрміналогія: барацьба з экстрэмізмам і тэрарызмам, абарона інтарэсаў нацыянальнай бяспекі і да т. п.

Ва ўсіх гэтых выпадках сэнс паняццяў цынічна падмяняецца, а вынікам робіцца страх, які татальна пануе ў грамадстве на фоне беспакаранай агрэсіі абаронцаў ладу.

У апублікаваным 9 сакавіка 2022 года дакладзе Упраўлення ААН па правах чалавека адзначаецца, што ціск, які ўрад працягвае аказваць на апанентаў, грамадзянскую супольнасць, журналістаў і адвакатаў, прывёў да парушэння асноўных правоў чалавека дзясяткаў тысяч жыхароў Беларусі і да неспрыяльных наступстваў у жыцці велізарнай колькасці іншых людзей, прытым што няма ніякіх сведчанняў таго, што злачынцаў прыцягнулі да адказнасці.

У дакладзе падрабязна выкладзеныя вынікі разгляду УВКПЧ пытання аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, запытанага Саветам па правах чалавека ААН. Гэты агляд ахоплівае перыяд да выбараў 9 жніўня 2020 года і перыяд пасля іх і да 31 снежня 2021 года.

Цаной палітычнай і эканамічнай падтрымкі з боку ўлад Расійскай Федэрацыі дыктатуры, якая страціла легітымнасць і знаходзіцца пад эканамічнымі санкцыямі, у 2022 годзе стала забеспячэнне тэрыторыяй, паветранай прасторай, інфраструктурай Беларусі для расійскай агрэсіі ў дачыненні да суверэннай Украіны, што паставіла Беларусь у становішча дзяржавыпамагатай агрэсара, якая нясе на чале з дэ-факта кіраўнікамі адказнасць за жахлівыя акты гвалту і разбурэнні.

Безумоўная палітычная і інфармацыйная падтрымка акту агрэсіі і 5 апраўданне дзеянняў агрэсара ў інфармацыйным полі дзяржаўнымі прапагандысцкімі рэсурсамі закліканы нагнятаць у беларускім грамадстве мілітарысцкую гістэрыю на ўзор расійскай і апраўдваць той факт, што адвечная рыторыка А. Лукашэнкі, які абяцаў народу мірнае існаванне наўзамен на лаяльнасць, аказалася фікцыяй. «Вясна» неадкладна і безумоўна асудзіла акт агрэсіі і ўдзел у ім беларускіх улад, падкрэсліваючы, што дзеянні беларускага рэжыму груба парушаюць як нормы міжнароднага права, двухбаковую дамову паміж Беларуссю і Украінай, гэтак і Канстытуцыю дзяржавы, а таксама канстатавала той факт, што адной з перадумоў да пачатку вайны стала задушэнне беларускай грамадзянскай супольнасці, якая паслядоўна і непахісна адмаўляла ў падтрымцы імкненню расійскіх і часткі беларускіх уладных эліт ствараць геапалітычныя і вайсковыя саюзы, якія ўцягваюць Беларусь у рэалізацыю імперскіх амбіцый улад РФ.

Пацверджаннем пазіцыі беларускага грамадства стала серыя антываенных пратэсных выступаў, якія адбыліся напрыканцы лютага і, нягледзячы на прагназаваную беспрэцэндэнтную жорсткасць падчас іх задушэння, сабралі тысячы ўдзельнікаў.

Вайна ва Украіне аказала неадназначны ўплыў на палітыку дзяржаў і міжнародных арганізацый у дачыненні да Беларусі: яна бясспрэчна змяніла вектар усеагульнай увагі, аднак прымусіла задумацца пра шырэйшыя наступствы і большы ўплыў на сусветную палітыку беларускіх унутрыпалітычных працэсаў, чым гэта раней уяўлялася.

У кастрычніку стала вядома пра прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру зняволенаму кіраўніку «Вясны» Алесю Бяляцкаму, Праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» і Цэнтру грамадзянскіх свабод: «На працягу шматлікіх гадоў яны адстойвалі права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзян.

Яны прыклалі беспрэцэндэнтныя высілкі для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжывання ўладай. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для свету і дэмакратыі».

У ААН ізноў заклікалі ўлады Беларусі вызваліць Алеся Бяляцкага са зняволення: Анаіс Марэн, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, Мэры Лоўлар, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб становішчы праваабаронцаў, і Ірэн Хан, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне, апублікавалі сваю заяву пасля рашэння Нобелеўскага камітэта прысудзіць А. Бяляцкаму прэмію міру 2022 года.

Пабудова таталітарнай сістэмы запатрабавала змены Канстытуцыі, якая нават у той рэдакцыі, што дзейнічала і з'яўлялася вынікам замацавання на ўзроўні Асноўнага закона ўзурпацыі аднаасобнай улады Аляксандрам Лукашэнкам, перастала задавальняць патрэбы дыктатара на сучасным этапе.

У новай рэдакцыі Канстытуцыі, прынятай на рэферэндуме, які быў праведзены з істотнымі парушэннямі, яшчэ больш размыты адрозненні паміж галінамі ўлады, закладзены бязмежныя магчымасці і гарантыі па ўтрыманні ўлады дэ-факта ў розных дзяржаўных пасадах Аляксандрам Лукашэнкам; саслаблена роля органаў прадстаўнічай улады і судоў.

Адначасова з гэтым заканадаўчая база Беларусі страчвае рысы прававой і працягвае напаўняцца рэакцыйнымі нормамі, якія ігнаруюць дэмакратычныя канстытуцыйныя асновы і міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі, прызначаныя дзеля адвольнага пашырэння правоў дзяржаўных інстытутаў і расправы над супернікамі рэжыму: яны прадугледжваюць 6 адвольнае асуджэнне, пазбаўленне маёмасці, грамадзянства, абмежаванне працэсуальных правоў, узмацненне санкцый за парушэнне прадпісанняў і забаронаў закона, абмяжоўваюць правы асацыяцый і г. д.

«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае імкліва пагаршацца, уводзячы краіну ў атмасферу страху і беззаконня», — папярэдзіла, прадстаўляючы свой штогадовы даклад Савету па правах чалавека, Спецыяльная дакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн і падрабязна апісала палітыку сістэматычнага ўзмацнення жорсткасці заканадаўства, якое абмяжоўвае грамадзянскія і палітычныя правы беларускімі ўладамі. Незалежная экспертка вылучыла канстытуцыйны рэферэндум 27 лютага 2022 года як адзін з апошніх прыкладаў гэтай тэндэнцыі. Згодна з Марэн, працэсу бракавала празрыстасці і адкрытасці, а галасаванне было азмрочана сур'ёзнымі парушэннямі і не можа лічыцца свабодным і справядлівым.

Звыклымі інструментамі рэпрэсій у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, іншадумцаў, удзельнікаў розных супольнасцяў і ініцыятываў, журналістаў і праваабаронцаў на працягу года былі крымінальны і адміністрацыйны пераслед, адвольныя напады на грамадзян і іх жыллё пад выглядам правядзення следчых дзеянняў паводле надуманых абвінавачванняў, катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, зневажальнае абыходжанне з затрыманымі і арыштаванымі.

30 кастрычніка 2022 г. набыў моц закон аб дэнансацыі Рэспублікай Беларусь Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, што пазбаўляе ахвяраў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, якім было адмоўлена ў правасуддзі на нацыянальным узроўні, магчымасці падаваць свае звароты ў Камітэт па правах чалавека.

Прымаючы сваё рашэнне аб дэнансацыі, Беларусь не падала канкрэтных тлумачэнняў і не правяла аніякіх кансультацый з грамадзянскай супольнасцю і няўрадавымі арганізацыямі. Рэспубліка Беларусь робіцца чацвёртай дзяржавай у гісторыі і адзінай дзяржавай у XXI стагоддзі, якая выйшла з Факультатыўнага пратаколу, ратыфікаванага 117 дзяржавамі. Выхад Беларусі з працэдуры разгляду індывідуальных скаргаў з'яўляецца сур'ёзнай перашкодай для абароны правоў чалавека, заявіў Камітэт ООН па правах чалавека.

Высновы

  • надзвычай глыбокі грамадска-палітычны крызіс, у вытоках якога — узурпацыя ўлады і яе засяроджванне ў руках А. Лукашэнкі, які дэ-факта не змірыўся з паразай на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года, адсутнасць у Беларусі эфектыўных дэмакратычных інстытутаў вызначалі працяг і нарошчванне рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у 2022 годзе;
  • адсутнасць рэальных прававых механізмаў канстытуцыйнай змены ўлады, абароны і заахвочвання правоў на мірныя сходы, асацыяцыі, свабоду выказвання меркаванняў, свабоды ад катаванняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання прывялі да іх татальнай дэвальвацыі ў Беларусі;
  • дзеянні ўсіх галін улады накіраваныя на пабудову новай — таталітарнай — сістэмы, што выключае любыя адступленні ад дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі, дзеля чаго беспакарана, паводле ўказання і з ухвалення вышэйшых службовых асоб дзяржавы ў грамадстве ўкараняецца атмасфера ўсеагульнага страху, вынішчаюцца любыя праявы іншадумства, падмяняюцца паняцці ў інтарэсах кіруючых колаў;
  • цаной палітычнай і эканамічнай падтрымкі з боку ўлад Расійскай Федэрацыі дыктатуры, якая страціла легітымнасць і знаходзіцца пад эканамічнымі санкцыямі, сталі забеспячэнне ўладамі Беларусі тэрыторыяй, паветранай прасторай, інфраструктурай Беларусі для расійскай агрэсіі ў дачыненні да суверэннай Украіны, а таксама яе безумоўная палітычная і інфармацыйная падтрымка;
  • «Вясна» неадкладна і безумоўна асудзіла акт агрэсіі і ўдзел у ім беларускіх улад, падкрэсліваючы, што адной з перадумоў да пачатку вайны стала задушэнне беларускай грамадзянскай супольнасці, якая паслядоўна і непахісна адмаўляла ў падтрымцы імкненню расійскіх і часткі беларускіх уладных эліт ствараць геапалітычныя і вайсковыя саюзы, што ўцягваюць Беларусь у рэалізацыю імперскіх амбіцый уладаў РФ;
  • вайна ва Украіне аказала неадназначны ўплыў на палітыку дзяржаў і міжнародных арганізацый у дачыненні да Беларусі: яна змяніла вектар усеагульнай увагі, аднак прымусіла задумацца пра шырэйшыя наступствы і большы ўплыў на сусветную палітыку беларускіх унутрыпалітычных працэсаў, чым гэта раней уяўлялася;
  • пабудова таталітарнай сістэмы запатрабавала змены Канстытуцыі, якая нават у рэдакцыі, што дзейнічала і была створаная дзеля падтрымкі безумоўнага прыярытэту выканаўчай улады на чале з А. Лукашэнкам, перастала задавальняць запатрабаванні дыктатара на сучасным этапе;
  • адначасова заканадаўчая база губляла рысы прававой і працягвала напаўняцца рэакцыйнымі нормамі, якія ігнаруюць дэмакратычныя канстытуцыйныя асновы і міжнародныя абавязальніцтвы Беларусі;
  • асноўным інструментамі ўтрымання ўлады і рэпрэсій у дачыненні да апанентаў, крытыкаў рэжыму і іншадумцаў па-ранейшаму з'яўляюцца крымінальны і адміністрацыйны пераслед, адвольныя арышты, звальненне з працы і дэ-факта дэпартацыя;
  • у Беларусі на 31 снежня 2022 года налічвалася 1 446 палітвязняў, прызнаных такімі праваабарончымі арганізацыямі ў адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні 3 паняцця «палітычны зняволены»; за год іх колькасць павялічылася на 477 чалавек, прычым больш як 580 чалавек, прызнаных палітвязнямі за апошнія тры гады, былі вызвалены; за год палітвязнямі прызнаны 889 чалавек;
  • ПЦ «Вясна» вядома пра не менш за 1 242 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальным спраў за 2022 год, пра не менш за 2 627 асуджаных за падзеі 2020–2022 гадоў і амаль пра 3 800 чалавек, якія сутыкнуліся з крымінальным пераследам за гэты перыяд;
  • ПЦ «Вясна» вядома пра не менш за 6 381 затрыманага і не менш за 3 272 накладзеныя адміністрацыйныя спагнанні за ажыццяўленне сваіх правоў і свабод, з якіх 2 274 — адміністрацыйныя арышты і 938 — адміністрацыйныя штрафы;
  • улады працягваюць актыўна ўжываць рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў з прычыны іх прафесійнай дзейнасці: згодна са звесткамі БАЖ, 33 журналісты і супрацоўнікі СМІ на цяперашні момант пазбаўлены волі, 43 журналісты былі затрыманы на працягу года;
  • заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць асацыяцый, будзе істотна пагаршаць іх становішча па шэрагу ключавых момантаў; згодна са звесткамі Lawtrend, з 2021 года ліквідавана і знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі каля 1 180 недзяржаўных арганізацый, што сведчыць пра працяг тэндэнцыі па знішчэнні інстытутаў грамадзянскай супольнасці;
  • судовая сістэма падчас ажыццяўленні рэпрэсій ігнаруе стандарты справядлівага суда; адвакатура, што страціла асноўныя рысы незалежнага самакіравальнага інстытуту, сама зрабілася інструментам рэпрэсій у дачыненні да адвакатаў; наогул адвакаты ажыццяўляюць сваю дзейнасць ва ўмовах бесперапыннага ціску, пагроз і пераследу, а найбольш актыўныя зведваюць крымінальны і адміністрацыйны пераслед, страчваюць права на працу;
  • Рэспубліка Беларусь працягвае прымяняць смяротнае пакаранне; на працягу года не паступала звестак пра вынясенне смяротных прысудаў, быў прыведзены ў выкананне раней вынесены смяротны прысуд у дачыненні да Віктара Паўлава; у СІЗА ў чаканні выканання смяротных прысудаў утрымліваюцца два чалавекі; заканадаўча пашыраны і пашыраюцца далей магчымасці ўжывання смяротнага пакарання;
  • палітычна матываваныя рэпрэсіі 2022 г. працягваюць быць масавымі і сведчаць пра глыбокі крызіс правоў чалавека ў краіне, які прывёў да міжнароднай ізаляцыі Беларусі і санкцый з боку краін ЕС, ЗША і Вялікабрытаніі;
  • Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае сваю актыўную працу па абароне і прасоўванні правоў чалавека; 30 верасня арганізацыя атрымала прэмію The Albie Awards 2022, заснаваную фондам «Клуні за справядлівасць», у намінацыі «Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі», 8 снежня ў Гаазе «Вясне» ўручылі праваабарончую прэмію «Цюльпан правоў чалавека 2022», заснаваную ўрадам Нідэрландаў.