Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 16 Люты 2021

Ператрус прайшоў у віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай

Ацаніць гэты матэрыял
(8 галасоў)
Ірына Траццякова Ірына Траццякова

На досвітку 16 лютага супрацоўнікі МУС прыйшлі з ператрусам да бацькоў віцебскай праваабаронцы Ірыны Траццяковай. Як паведаміла сама Ірына, вобшук працягваўся больш за гадзіну.

«Міліцыянтаў цікавілі дакументы, літаратура, флэшкі, сімкі, але не забралі сістэмны блок ПК. У мяне там шмат праваабарончай літаратуры, але канфіскавалі толькі адну кніжку пад назвай «Маніторынг аддзяленняў міліцыі», – паведаміла Ірына Траццякова.

У сувязі з чым прайшоў ператрус, пакуль невядома.

Ператрусы і затрыманні зранку 16 лютага адбыліся ва ўсёй краіне.

Каментарый СК

Ранішнюю аблаву на журналістаў і праваабаронцаў 16 лютага афіцыйна пракаментаваў Следчы камітэт. Паводле СК, працягваецца расследаванне крымінальнай справы паводле арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэкса Беларусі. «У межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставінаў фінансавання пратэставай дзейнасці следствам ініцыяванае правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя», – паведамілі ў СК. Ператрусы праводзяць супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС і санкцыянаваныя Генеральнай пракуратурай, дадаецца.

Зміцер Міраш