Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 24 Лістапад 2022

Прадстаўнікі грамадскасці праінспектавалі ўмовы ўтрымання ў СІЗА і на “хіміі”, і прызналі іх задавальныючымі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У лістападзе старшыня Уладзімір Каташук і 3 сябры абласной грамадскай назіральнай камісіі пры галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама наведалі 2 папраўчыя ўстановы, якія размешчаны ў Віцебску. Іх суправаджалі выконваючы абавязкі намесніка начальніка УДВП па Віцебскай вобласці Галыня і старшы пракурор пракуратуры Віцебскай вобласці Стурын. Гэта першае і пакуль адзінае падобнага роду мерапрыемства з удзелам сяброў ГНК у 2022 году.

Назіральная камісія наведала ўстановы: Віцебскі абласны следчы ізалятар № 2 і папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») № 9. Трэба адзначыць, што гэтыя пенітэнцыярныя месцы Віцебскай вобласці з'яўляюцца аднымі з многіх устаноў, якія насычаныя зняволенымі асуджанымі ці адбываюць пакаранні палітвязні. 

Наведванне насіла выключна фармальны характар. На гэтую выснову паказвае нежаданне правяраючых сустрэцца з арыштаванымі і зняволенымі. Грамадскія назіральнікі абмежаваліся толькі гутаркамі з кіраўніцтвам і персаналам СІЗА і "хіміі". 

У праграму маніторынгу месцаў зняволення ўваходзіла: вывучэнне ўмоў побыту, нормаў і якасць харчавання асуджаных, арганізацыя іх працаўладкавання, вольнага часу, медыка-санітарнага забеспячэння, магчымасці задавальнення іх духоўных інтарэсаў. Праўда правяралася гэта чыста тэарэтычна, бо ніводны сябра ГНК не адважыўся ўжыць турэмную ежу ці паляжаць на ложку зняволенага.

Тым не менш у сваёй справаздачы члены ГНК адзначылі эфектыўную працу кіраўніцтва правераных пенітэнцыярных установах «па фармаванні ў асуджаных патрэбы захавання маральных і прававых нормаў, адказнасці за свае ўчынкі».

Віталь Кажух