Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 23 Кастрычнік 2022

Турэмная роба Наталлі Хершэ стала экспанатам на экспазіцыі ў Лондане

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Наталля Хершэ – ураджэнка Воршы, але апошнія 12 гадоў яна жыве ў Швейцарыі. Жанчына адмыслова вярнулася на Радзіму на пратэсты 2020 году, каб адстойваць права Беларусі на дэмакратыю. Яе затрымалі 19 верасня 2020г і абвінавацілі паводле арт. 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак) Крымінальнага кодэксу.

Суд прысудзіў Наталлі Хершэ 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму. Хаця спачатку яе затрымалі ў межах адміністрацыйнай справы паводле тагачаснага арт. 23.34 КоАП - за ўдзел у жаночым мірным маршы 19 верасня 2020г. Пры затрыманні Наталля не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецаўтатранспарт, спрабавала збегчы, а калі яе дзеянні былі спыненыя супрацоўнікам АМАП Сяргеем Кончыкам, яна аказала супраціў: вырывалася і ўпіралася, схапіла Кончыка за твар і падрапала, сцягнула балаклаву. Праз гэта на яе завялі крымінальную справу.

Тэрмін пакарання Наталля Хершэ адбывала ў турме №4, дзе 30 студзеня 2022 абвясціла галадоўку на знак пратэсту супраць дыскрымінацыйных умоваў утрымання.

Пасля ўмяшання  дыпламатычных службаў 18 лютага 2022 г., пасля 17 месяцаў за кратамі, Наталля Хершэ выйшла на волю. Імя гэтай жанчыны стала сімвалам адданасці Радзіме, якую Наталля вырашыла падтрымаць у цяжкі час, рызыкуючы ўласным лёсам.

Цяпер турэмная вопратка Наталлі Хершэ стала экспанатам у Скарынаўскім музеі ў Лондане. Яна экспануецца на выставе «Няскораныя», прысвечанай беларусам, якія цярпелі цяжкасці турэмнага зняволення за вернасць нацыянальным ідэалам. Гэтая выстава нагадвае пра спробы выкараніць беларушчыну праз нацыянальныя чысткі і сталінскія рэпрэсіі, і паказвае, што пагроза зняволення за дэмакратычныя  перакананні ў Беларусі дагэтуль не мінула.

Феліцыян Красоўскі