Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 04 Лістапад 2022

У Віцебску судзяць палітвязня Сяргея Грыбовіча з Докшыцаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Судовы працэс над 54-гадовым Сяргеем Грыбовічам распачаўся ў абласным судзе, ягоную справу разбірае суддзя Яўген Буруноў. Сяргея Грыбовіча затрымалі ў пачатку сакавіка і першапачаткова выставілі абвінавачанне па двух артыкулах: па арт. 130 Крымінальнага Кодэксу (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці) і арт. 361-3 Крымінальнага Кодэксу (Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка або падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу). У судзе агучылі ўжо 5 артыкулаў, паводле якіх вінавацяць палітвязня.

Неўзабаве пасля затрымання на адным з праўладных каналаў выйшла «пакаяльнае відэа», дзе Сяргей Грыбовіч казаў, што выказаў жаданне ваяваць ва Украіне. Для гэтага ён запоўніў анкету ў Telegram, адгукнуўшыся на заклік былога рэстаратара і актывіста Вадзіма Пракоп’ева, які 5 сакавіка абвясціў набор трохсот беларусаў у батальён добраахвотнікаў, каб бараніць Украіну ад расейскай агрэсіі. Перад тым, 8-га лютага YouTube-канал «Вадим Прокопьев» і ягоны тэлеграм-канал «Радио Гаага» былі прызнаныя экстрэмісцкімі на тэрыторыі Беларусі.

За той час, пакуль Грыбовіч знаходзіўся ў СІЗА-2, следчыя прызналі яго вінаватым ужо не па двух, а па пяці артыкулах Крымінальнага Кодэксу:

- арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады)

- арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)

- арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы)

- арт. 367 (Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)

- арт. 361-3 (Удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы.

Суд над палітвязнем праходзіць у закрытым рэжыме.

Станіслаў Іваноўскі