Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 01 Лістапад 2022

У віцебскую ПК-3 накіраваны яшчэ адзін палітвязень

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як стала вядома з лістоў журналіста баранавіцкай газеты «Intex-press» Юрыя Ганцарэвіча, ён быў этапаваны ў калонію «Віцьба-3» яшчэ 1 кастрычніка. Тут ён мае адбываць тэрмін, прысуджаны паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 14 ліпеня судовая калегія абласнога суду Берасця прызнала Юрыя вінаватым і прызначыла яму 2 гады і 6 месяцаў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму. 20 верасня 2022 г. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў.

Юрый Ганцарэвіч быў затрыманы 27 красавіка, праз 2 дні яго асудзілі на 10 сутак арышту. Прыкладна праз тыдзень пасля затрымання журналіста ў праўладных тэлеграм-каналах зʼявіўся фрагмент відэа з яго допыту і інфармацыя аб прычыне затрымання: ён нібыта фатаграфаваў расейскую ваенную тэхніку і адпраўляў здымкі ў СМІ, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі. Паводле матэрыялаў абвінавачання Ганцарэвіч, «маючы намер на іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, 2 сакавіка 2022 года, прыкладна ў 18.09, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы ў горадзе Баранавічы, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства тэлефон», зрабіў і даслаў праз інтэрнэт «фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61 знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца ў Баранавічах, з подпісам «аэрадром у Баранавічах».

6 траўня Ганцарэвічу было прадʼяўлена абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Пасля выстаўлення абвінавачання Юрыя Ганцарэвіча перавялі з ІЧУ ў СІЗА. У канцы чэрвеня 2022 ягоную справу перадалі ў абласны суд Берасця.

Пасля абвяшчэння прысуду журналіста перавялі з СІЗА-6 у берасцейскі СІЗА-7. 1 кастрычніка 2022 г. ён быў этапаваны ў ПК № 3.

12 траўня 2022 г. праваабарончая супольнасць прызнала Юрыя Ганцарэвіча палітычным зняволеным. У заяве праваабаронцаў гаварылася: «Дзеянні ў дачыненні да Юрыя Ганцарэвіча з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Юрыя Ганцарэвіча з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару яго публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі».

У віцебскай ПК-3 адбываюць прысуджанае пакарання больш за 70 палітвязняў, сярод якіх праваабаронца Леанід Судаленка, юрыст Максім Знак, актывіст грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі.

Феліцыян Красоўскі