Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 13 Чэрвень 2022

Выйшаў на волю з «хіміі» палітвязень Мікіта Прысталенка

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Мікіта Прысталенка Мікіта Прысталенка

Мікіта Прысталенка цалкам адбыў тэрмін пакарання, прысуджаны яму на падставе артыкулу 370 Крымінальнага Кодэксу («Апаганьванне дзяржаўных сімвалаў»). 25 лютага 2021 году ён сарваў у цэнтры Менску два дзяржаўныя сцягі. Год абмежавання волі («хіміі») Мікіта Прысталенка правёў у Мазыры, у ПУАТ 21. 31 верасня мінулага году праваабарончая супольнасць прызнала яго палітзняволеным.

Мікіту Прысталенку судзілі 15 красавіка 2021 году ў судзе Цэнтральнага раёну Менску. Паводле матэрыялаў справы, 25 лютага ён прыехаў у сталіцу да сябра Анатоля Таптунова, з якім увечары пайшоў адпачыць. Маладыя людзі былі нападпітку, калі Прысталенка сарваў дзяржаўныя сцягі з будынку галоўнай управы МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), што на вуліцы Рэвалюцыйнай, і з будынку ўстановы «Менскград» на Камсамольскай.

Анатоль Таптуноў быў на судзе сведкам: ён цвердзіў, што не бачыў таго, што зрабіў ягоны сябар. Прысталенку спачатку абвінавачвалі ў хуліганстве, аднак на судзе ён настойваў, што гэта быў палітычны пратэст і што перад тым яны з сябрам размаўлялі пра несправядлівасць, якая творыцца ў Беларусі. Сярод дакументаў у ягонай справе быў і фотаздымак, на якім Прысталенка быў зняты з бел-чырвона-белым сцягам. Падсудны пацвердзіў, што быў незадаволены сітуацыяй у краіне, бо ўжо два месяцы не мог знайсці добрую працу. А ўжыванне алкаголю паспрыяла таму, што ён не здолеў стрымаць свае эмоцыі.

Мікіта Прысталенка скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, мае спецыяльнасць «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў». Дарэчы, з’яўляецца сябрам БРСМ і пэўны час нават узначальваў філію арганізацыі ў сваёй навучальнай установе. Цікавіцца гістарычнай рэканструкцыяй перыяду Вялікай Айчыннай вайны, браў удзел у гарадскіх імпрэзах да Дня Перамогі. На момант вызвалення Мікіту Прысталенку споўнілася 25 гадоў.

Станіслаў Іваноўскі