Друкаваць гэтую старонку
Субота, 27 Лістапад 2021

Адміністрацыя віцебскай «хіміі» аказвае ціск на палітвязня Дзмітрыя Абрамука

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Па рашэнню адміністрацыі Віцебскай папраўчай установы адкрытага тыпу №9 палітвязня Дзмітрыя Абрамука, які адбывае трохгадовае пакаранне, паставілі на ўлік як «схільнага да самавольнага сыходу з установы». Дзмітрый Абрамук быў асуджаны ў Берасці па так званай «карагоднай справе».

Адміністрацыя «хіміі» вырашыла, што палітвязень хоча ўцячы ў Расею, хаця сам ён ніколі не казаў пра намер збегчы. Больш за тое, Дзмітрыя пастаянна правакавалі пытаннямі, калі і куды ён збіраецца ўцякаць.

Раней Абрамука ўжо ставілі на прафілактычны ўлік паводле катэгорыі «схільны да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці». Таксама адміністрацыя «хіміі» больш як паўгода не пускае яго на працу.

Дзмітрый Абрамук – фігурант берасцейскай «карагоднай справы», распачатай па падзеях 13 верасня 2020 году, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт.

Усім выстаўленыя абвінавачанні паводле арт. 342 («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу РБ.

Суд Ленінскага раёну Берасця 15 сакавіка 2021 году вынес прысуды па дадзенай крымінальнай справе. Суддзя Дзмітрый Шурын асудзіў адразу восем чалавек, прызначыўшы ім пакаранне ад 1,5 года «хатняй хіміі» да 1 года і 8 месяцаў калоніі.

Дзмітрый Абрамук атрымаў 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») і пачаў адбываць пакаранне ў ПУАТ №9 Віцебска.

17 чэрвеня 2021 года ў Маскоўскім судзе Берасця суддзя Брэган разгледзеў другую справу ў дачыненні да палітвязня.

Дзяржабвінаваўца Ціхановіч агучыла версію абвінавачання: нецвярозы Абрамук патэлефанаваў у міліцыю на лінію 102 і абразіў Лукашэнку, чым здзейсніў злачынства па ч. 1 арт. 368 КК. Дзяржабвінавачанне запытала для мужчыны два гады абмежавання волі. З улікам неадбытага пакарання шляхам складання – прызначыць тры гады «хіміі». Прыгавор суддзі цалкам супаў з запатрабаваным бокам абвінавачання.

Віталь Кажух