Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 14 Красавік 2020

Палітвязьня Жамчужнага этапавалі зь Віцебску ў калёнію №9 у Горках

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Палітвязень Міхаіл Жамчужны ўжо ня ў Віцебску. Яго этапавалі ў папраўчую калёнію №9 у Горках, дзе ён адбываў пакараньне раней. Гэта вынікае зь ліста, які атрымаў нядаўна ад палітвязьня віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік.

«Я ўжо ў Горках, на ранейшым месцы ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу – ВВ) і магу перапісвацца да 20 красавіка», – паведаміў у лісьце на волю Міхаіл Жамчужны. Найбольш верагодна, што пасьля названай даты (20 красавіка), ён, як гэта рабілася раней, будзе зьмешчаны ў штрафны ізалятар (ШІЗА) і сувязь зь ім на нейкі час перарвецца, мяркуе праваабаронца Леанід Сьвецік.

Сьвецік паведаміў таксама, што пакуль невядома, які вынік мае расьсьледаваньне крымінальнай справы аб крадзяжы ў кастрычніку 2010 году з прысядзібнага ўчастку Жамчужнага маёмасьці на суму 300 тыс. недэмінаваных рублёў. Аднак, калі зважаць на адмову сьледчага ВГАСК задаволіць хадайніцтва пацярпелага Жамчужнага у допыце трох важных сьведак, паказаньні якіх маглі б паўплываць на раскрыцьцё злачынства, можна зрабіць выснову, што сьледзтва не зацікаўленае ва ўстанаўленьні ўсіх акалічнасьцяў справы.

Вытрымка з пастановы аб адмове ў хадайніцтве

Праваабаронцы атрымалі таксама дакумэнтальныя пацьверджаньні аб зьнішчэньні судом Першамайскага раёну Віцебску ўсіх матэрыялаў крымінальнай справы, паводле якіх Жамчужны быў асуджаны першы раз і па якім ён адбывае пакараньне ў частцы пазбаўленьня права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў тэрмінам на 2 гады і 8 месяцаў.

Гэтым самым палітвязьня пазбавілі права абскардзіць названыя пакараньні ў судзе і пракуратуры.

Ці пісаць лісты падчас пандэміі

Адзначым, што Міхаіл Жамчужны інфармаваны пра тое, зь якой хуткасьцю ў Беларусі распаўсюджваецца коронавірус і просіць усіх сьцерагчыся і сачыць за сваім здароўем.

«Цяпер, у сувязі з пандэміяй, існуе такая дылема: пісаць лісты ў калёнію ці не? Калі весьці інтэнсіўнае ліставаньне з палітзьняволеным, то ёсьць небясьпека, што праз паперу вірус патрапіць у калёнію. Таму кожны мусіць улічваць гэтую акалічнасьць і прымаць адказнае рашэньне аб перапісцы», – патлумачыў «Віцебскай Вясьне» праваабаронца Леанід Сьвецік.

«Я, з улікам таго, што ад 20 красавіка Міхаіл Ігаравіч як мінімум на дзесяць дзён будзе зьмешчаны ў штрафны ізалятар, пляную напісаць чарговы ліст Жамчужнаму толькі на пачатку траўня», – дадаў праваабаронца.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.