Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 03 Жнівень 2014

У Віцебску зноў забаранілі пікет

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сёньня, 4 жніўня, у Віцебску мусіў адбыцца пікет у падтрымку палітвязьняў. Аднак імпрэза, якую хацелі зладзіць праваабаронцы, хутчэй за ўсё, не адбудзецца, бо мясцовыя ўлады правядзеньне акцыі забаранілі. Подпіс пад забаронай паставіла намесьніца кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальля Ляпёшкіна.

«Лічу, што сыстэматычныя адмовы ў правядзеньні масавых мерапрыемстваў з боку улады ёсьць замах на фундамэнтальныя правы і свабоды. Такая палітыка не спрыяе разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ды зьніжае палітычную актыўнасьць грамадзян», – пракамэнтаваў забарону пікету яго заяўнік праваабаронца Леанід Сьвецік.

Зрэшты, здаецца, менавіта зьніжэньне палітычнай актыўнасьці грамадзян і ёсьць мэтай віцебскіх уладаў, якія за апошнія некалькі гадоў не дазволілі ніводнай мірнай акцыі апазыцыйных палітыкаў і праваабаронцаў. Прычым, нагадаем, часам даходзіла да абсурду, калі забараняліся пікеты працягласьцю ўсяго ў адну хвіліну, альбо сустрэча грамадзян у гарадзкой лазьні, бо такія мерапрыемствы, на думку ўладаў, можна праводзіць толькі пры наяўнасьці дамоваў на іх абслугоўваньне з мэдыкамі, камунальнікамі і міліцыяй.