Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 22 Красавік 2021

Блогерка Алена Янушкоўская выступіла на акцыі салідарнасці ў Варшаве

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Алена Янушкоўская. Фота: facebook.com Алена Янушкоўская. Фота: facebook.com

21 красавіка ля пасольства Расеі ў Варшаве прайшла акцыя салідарнасці з палітвязнямі Беларусі і Расеі. Для беларускай аўдыторыі стрым з мерапрыемства вяла віцебская блогерка Алена Янушкоўская. Пасля пераследу з боку сілавых структураў Алена разам з дачкой і ўнучкамі вымушаная была з'ехаць з краіны.

Праз тэлеграм-каналы да ўдзелу ў акцыі салідарнасці арганізатары запрасілі беларусаў і ўкраінцаў, якія часова атабарыліся ў Варшаве. Выступы гучалі па-польску, па-руску і па-ўкраінску.

Удзельнікі акцыі выказалі словы падтрымкі расейскаму апазіцыйнаму лідару Аляксею Навальнаму, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №2 ва Ўладзімірскай вобласці РФ і патрабуе тэрміновай медычнай дапамогі.

Беларускае пытанне агучыла Алена Янушкоўская.

«Зусім нядаўна мы прыехалі з Беларусі. Дакладней, мы збеглі з Беларусі. Я, мая дачка і двое ўнукаў. Збеглі ад рэпрэсій. Нас саджаюць у турмы, нас забіваюць, нас катуюць. І я вельмі хачу, каб сусветная супольнасць, ЕЗ звярнулі на гэта ўвагу. Лукашэнка – гэта праект Масквы. Ён ніколі не трымаў слова. Ён трымаецца за трон, каб пазбегнуць адказнасці. Я прашу, каб сусветная супольнасць зрабіла неабходныя захады супраць таго, што ў цэнтры Еўропы «квітнее» фашызм. Жыве Беларусь!» – рэзка выказалася спадарыня Алена.

Прысутныя на мерапрыемстве беларускія ўцекачы адказалі воклічам «Жыве!»

Як патлумачыла спадарыня Алена, перад выступам і пасля яго яна вяла стрым, паказваючы не толькі выступоўцаў, але і ўдзельнікаў акцыі, таму не бачыла, ці выступаў яшчэ хто з беларусаў. Праз дзесяць хвілін пасля свайго выступу Янушкоўская вымушаная была сысці з імпрэзы. Польскія паліцыянты прапанавалі разыходзіцца, бо ў сувязі з пандэміяй акцыя была разлічаная на меншую колькасць удзельнікаў.

«Натуральна, што ў душы ўсё кіпіць. Не ўдзельнічаць у акцыі я проста не магла. Не магла не выказаць сваю пазіцыю. Я люблю сваю краіну! Хачу як мага хутчэй вярнуцца дадому. Я бачу, што творыць Пуцін, уцягваючы ў канфлікт з Украінай і Беларусь. Бачу ягоныя непрыхаваныя і падступныя інтарэсы да нашай незалежнасці», – патлумачыла Алена Янушкоўская.

Па стане на 22 красавіка ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 358 чалавек.

Ян Ластаўка