Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 20 Ліпень 2015

Лячэбна-працоўныя прафілякторыі: эфэктыўны спосаб лекаваньня ад алькагалізму ці пакараньне за хваробу?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Месяцы тры таму, выступаючы са штогадовым пасланьнем да народу і парлямэнту, Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў асаблівую ўвагу на праблему алькагалізацыі насельніцтва Беларусі. На думку прэзыдэнта, людзей, якія пакутуюць на алькагалізм, неабходна прымусова «лекаваць» працатэрапіяй. «Я ўпэўнены, што для алькаша найлепшае – выхаваньне працай», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка ў чарговы раз пацьвердзіў, што зьяўляецца прыхільнікам захаваньня ў краіне сыстэмы лячэбна-працоўных прафілякторыяў (ЛПП) – закрытых установаў у падпарадкаваньні Міністэрства ўнутраных спраў, у якіх хворыя на алькагольную залежнасьць прымусова падвяргаюцца «лекаваньню» менавіта праз «выхаваньне працай». У Беларусі гэтая сыстэма дзейнічае шмат гадоў, таму ўжо можна рабіць практычныя высновы наконт яе эфэктыўнасьці.

Праблема сапраўды існуе

Безумоўна, Аляксандар Лукашэнка мае рацыю, калі кажа пра актуальнасьць праблемы злоўжываньня алькаголем у краіне. Згодна з апошнім глябальным дакладам Сусьветнай арганізацыі здароўя, Беларусь займае сумнае 10-е месца ў рэйтынгу краін па ўзроўні ўжываньня алькаголю. Сярэднестатыстычны беларус, старэйшы за 15 гадоў, ужывае 15,13 літраў чыстага сьпірту на год.

Дарэчы, гэта не найгоршы паказчык для краіны за гісторыю стварэньня такіх рэйтынгаў. Паводле ранейшага дакладу САЗ, Беларусь яшчэ нядаўна знаходзілася на зусім не ганаровым 1-м месцы сярод усіх краінаў сьвету.

Цягам апошніх гадоў назіраецца стабільнае зьніжэньне ўжываньня алькагольных напояў беларусамі, але пакуль супакойвацца рана. Узровень алькагалізацыі ўсё адно застаецца адным з самых высокіх у сьвеце. Дый колькасьць злачынстваў, зьдзейсьненых у стане алькагольнага ап'яненьня, не зьніжаецца. Асабліва востра праблема, што ўяўляе пагрозу для нацыі, стаіць у малых гарадох, дзе цяжка ўладкавацца на працу з больш-менш прыстойным заробкам, а таксама на вёсцы.

Тое, што з алькагалізацыяй краіны нешта трэба рабіць, – ніхто з гэтым спрачацца ня будзе. Дык, мабыць, прапановы Лукашэнкі цалкам слушныя, што да лекаваньня альказалежных людзей працай? Мабыць, сапраўды, ЛПП, у якіх паводле замыслу якраз і рэалізуецца ідэя перавыхаваньня алькаголікаў праз далучэньне да працы, ёсьць дзейсным спосабам вырашэньня праблемы?

Крыху гісторыі

Гісторыя прымусовага «лекаваньня» людзей у ЛПП налічвае ўжо больш як паўстагодзьдзе. Сыстэма лячэбна-працоўных прафілякторыяў шырока прымянялася ў Савецкім Саюзе, пачынаючы з 1964 году. 5 лютага 1965 году выходзіць Указ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР «Аб прымусовым лячэньні і працоўным перавыхаваньні злосных п'яніц (алькаголікаў)», а ўжо 18 траўня таго ж году адкрываецца першы ў рэспубліцы ЛПП. Ён быў створаны на базе папраўча-працоўнай калёніі агульнага рэжыму УЖ 15/3.

У савецкія ЛПП накіроўваліся «злосныя п'яніцы», якія парушалі «працоўную дысцыпліну, грамадзкі парадак або правілы сацыялістычнага ладу жыцьця». Рашэньні аб накіраваньні грамадзян прымалі раённыя суды. Такія рашэньні абскарджаньню ў касацыйнай інстанцыі не падлягалі. Тэрмін знаходжаньня ў ЛПП складаў ад 6 месяцаў да 2 гадоў.

Адкрыцьцё першага ў рэспубліцы лячэбна-працоўнага прафілякторыя на базе колішняй калёніі для асуджаных паводле крымінальных артыкулаў не зьяўляецца выпадковасьцю. Ініцыятары стварэньня сеткі ЛПП не адрозьніваліся вынаходніцтвам, таму амаль цалкам перанялі ўмовы і стыль працы новых установаў зь лягераў, у якіх зэкі адбывалі прызначаныя ім тэрміны зьняволеньня. І там, і там галоўным сродкам выхаваньня сядзельцаў зьяўлялася прымусовая праца.

Філязофскае адступленьне

Як вядома, за савецкім часам слова «праца» было больш, чымся адно са звычайных словаў у слоўніку. «Труд» («Праца») – гэта ня толькі назва галоўнай прафсаюзнай газэты СССР.  Гэтаму слову надавалася, па сутнасьці, сакральнае значэньне.

У краіне, якая афіцыйна аб'явіла, што «Бога няма», і пачала весьці актыўную барацьбу супраць «рэлігійнага дурману», месца Бога гістарычных рэлігіяў заняў пантэон не вядомых раней «бажкоў-ідалаў», створаных ідэолягамі новай эрзац-рэлігіі, якая звалася «дыялектычны матэрыялізм». І ці ня першае месца ў гэтым пантэоне заняла менавіта «праца». «Праца» замяніла сабой Творцу. Фактычна, яна і была дэміургам – безасабовым пачаткам, дзякуючы якому мы, людзі, зьявіліся на сьвет як біялягічны від: тое, што «праца зрабіла з малпы чалавека», ведаў кожны савецкі шкаляр.

Таму ня дзіва, што менавіта працы надавалася найвялікшая роля ў выпраўленьні тых, хто меў «грахі» супраць новай дзяржаўнай ідэалёгіі-«рэлігіі». Пачынаючы ад звычайных кішэнных злодзеяў, якія ёсьць ва ўсе часы, і аж да «ворагаў народу» – усіх мусіла «перакоўваць» праца. Савецкія турмы для вязьняў так і зваліся: «працоўныя лягеры». Шмат хто, вядома, ня вытрываў і сканаў у невыносных умовах знаходжаньня ў тых лягерах, але хіба можа наракаць на «дэміурга» – «працу», калі гэтакі быў ейны вырак, што да лёсу вінаватых? 

Існавалі ўстановы, дзе праца зьяўлялася галоўнай прыладай перавыхаваньня тых, хто спатыкнуўся, і ў іншых камуністычных краінах. Толькі зусім нядаўна ад сыстэмы папраўча-працоўных лягераў, якія дзейнічалі там з 1957 году, адмовіўся Кітай. А вось у Карэйскай Народнай Дэмакратычнай  Рэспубліцы працоўныя лягеры дзейнічаюць аж дагэтуль.

Вядома, у розных краінах зьняволеных змушалі да гвалтоўнай працы яшчэ задоўга да зьяўленьня камуністычнай ідэі. Аднак ніколі да паўстаньня савецкай сыстэмы лягераў прымусовая праца вязьняў не называлася сродкам іх перавыхаваньня. Так, і да СССР была катарга. Была і праца катаржан – але яна заўсёды разглядалася толькі як адзін з інструмэнтаў пакараньня злачынцаў. І толькі ў СССР, а пасьля і ў іншых камуністычных краінах, зьнясільваючая праца – гэта не пакараньне, а «дабро» для вязьня, спосаб перавыхаваць яго, зрабіць, калі не загнецца, годным грамадзянінам краіны...

Працяг гістарычнага экскурсу

Бадай, адзіным адрозьненьнем паміж «зонай» і савецкім ЛПП было тое, што пастаяльцы апошніх не ўважаліся за крымінальнікаў і па выхадзе зь месца адседкі не набывалі статусу «судзімых» з усімі наступствамі, што з гэтага статусу вынікалі. У астатнім усё было як у лягеры: калючы дрот, вертухаі, канваіры, пастраеньні, пакараньні за нават самае нязначнае парушэньне дысцыпліны. 

Як і ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы, ЛПП у Савецкім Саюзе мусілі знаходзіцца на самаакупнасьці: выдаткі дзяржавы на ўтрыманьне месцаў зьняволеньня павінны былі пакрывацца даходамі ад працы сядзельцаў.

Прынцып самаакупнасьці для месцаў пазбаўленьня волі быў абвешчаны на заранку існаваньня новага камуністычнага ладу ў бальшавіцкай Расеі. Так, у чэрвені 1918 году Цэнтральным карным аддзелам была апублікаваная «Часовая інструкцыя НКЮ» (НКЮ – Наркамат юстыцыі). Інструкцыя вызначала, якім чынам мусіць рэалізоўвацца новая турэмная палітыка. Самаакупнасьць, нароўні з поўным перавыхаваньнем вязьняў, была абвешчаная адным з асноўным прынцыпаў дзеяньня турмаў. Да таго, у царскай Расейскай Імпэрыі, турмы субсыдзіраваліся дзяржавай і ніхто нават і ня думаў дамагчыся поўнага выпраўленьня ўсіх вязьняў.

Але спатрэбіліся гады, каб прынцыпы, якія сьпярша існавалі толькі на паперы (у 1918 годзе толькі 2 адсоткі зьняволеных забясьпечваліся працай), сталі хоць у нейкім набліжэньні ўвасабляцца ў жыцьцё. Хаця ў поўнай меры рэалізаваць названыя прынцыпы так ніколі і не ўдалося: сыстэма ГУЛАГ, што паўстала неўзабаве, па-ранейшаму не «выпраўляла» зэкаў, асабліва што тычыцца «сацыяльна блізкіх» – блатных, асуджаных за крымінальныя злачынствы, а ня «ворагаў народу». А зьнясільваючая прымусовая праца хаця прымянялася паўсюдна, была малаэфэктыўнай, як і ўсялякая праца рабоў, ды дзяржава ўсё адно мусіла выдаткоўваць фінансы на падтрыманьне сыстэмы папраўча-працоўных лягераў.

Тым ня менш са зьяўленьнем сеткі месцаў пазбаўленьня волі новага кшталту – ЛПП, у аснову іх дзейнасьці былі пакладзеныя тыя самыя прынцыпы, што дзейнічалі ў сыстэме месцаў зьняволеньня для злачынцаў. І, як і выпадку са злачынцамі, гэтыя прынцыпы не працавалі як сьлед. Нават у СССР разумелі, што прымусовае лекаваньне ад алькагалізму ня можа быць эфэктыўным, і гэта пацьвярджала практыка – пасьля вызваленьня многія з тых, хто «вылечыўся», зноў станавіліся сябрамі «зялёнага зьмея», і ня рэдкія былі выпадкі паўторнага асуджэньня да ЛПП тых, хто раней ужо там знаходзіўся. Самаакупнасьць установаў таксама існавала толькі на паперы: на іх будаўніцтва, утрыманьне пэрсаналу увесь час накіроўваліся немалыя асыгнаваньні зь дзяржаўнага бюджэту.

Трэба адзначыць, што ў савецкія ЛПП траплялі ня толькі «злосныя п'яніцы». Сетка ЛПП зьяўлялася таксама часткай сыстэмы «перавыхаваньня» дысыдэнтаў. У гэтых мэтах яна выкарыстоўвалася нароўні з папраўчымі лягерамі і іншымі пэнітэнцыярнымі ўстановамі (у якія іншадумцы з надыходам хрушчоўскай «адлігі» і пасьля траплялі ўжо ня як «ворагі народу», а як, прыкладам, «дармаеды») і псыхіятрычнымі лячэбніцамі.  

Лёс ЛПП падчас перабудовы

Дысыдэнты, якія змагаліся за правы чалавека ў СССР, лічылі савецкія ЛПП часткай карнай сыстэмы і патрабавалі іх закрыцьця. Гарбачоўская перабудова прынесла ў краіну вецер пераменаў.

Нядаўнія дысыдэнты становяцца дэпутатамі, іх выступы на Зьезьдзе народных дэпутатаў СССР трансьлююцца ў простым этэры па тэлебачаньні. Бадай, самай выбітнай постацьцю сярод змагароў за правы чалавека ў Савецкім Саюзе, якія ў перабудовачныя часы атрымалі дэпутацкі мандат, зьяўляецца акадэмік Андрэй Сахараў. Тысячы людзей накіроўваюць да яго лісты са словамі падтрымкі яго дзейнасьці, паведамленьнямі пра парушэньні правоў чалавека і просьбамі аб дапамозе. Сярод аўтараў лістоў акадэміку – і насельнікі ЛПП.

Апублікаваныя зьвесткі пра некалькі калектыўных лістоў, якія атрымаў Сахараў зь месцаў прымусовага лекаваньня ад алькагалізму. У 1989 годзе нехта С.А. Кардакоў і іншыя (усяго пад лістом 10 подпісаў) пішуць акадэміку пра зьдзекі, гвалт і катаваньні з боку адміністрацыі ЛПП у Магнітагорску і просяць ягонай дапамогі. 120 подпісаў зьняволеных ЛПП, што месьціўся пад горадам Апатыты, стаіць пад іншым лістом, атрыманым у тым самым годзе. Аўтар гэтага ліста, С.Я. Пісарын, падзяліўся з акадэмікам Сахаравым як з чалавекам, які «можа дапамагчы», сваімі развагамі наконт таго, што сыстэма ЛПП – пазаправавая і грунтуецца на гвалце. Па сутнасьць, мяркуе аўтар, яе асноўная мэта – танная працоўная сіла.

У гэты час стаўленьне да ЛПП мяняецца і ў грамадзтве, і з боку дзяржавы. У 1990 годзе Камітэт канстытуцыйнага нагляду СССР прызнае сыстэму ЛПП неканстытуцыйнай. Камітэтам было адзначана, што прымусовае зьмяшчэньне ў ЛПП асобаў, якія пакутуюць на алькагалізм і наркаманію, уяўляе сабой «ізаляцыю чалавека ад грамадзтва на даволі працяглы тэрмін, што збліжае гэтую меру з крымінальным пакараньнем – пазбаўленьнем волі».

«Лекаваньне хворых на алькагалізм і наркаманію, якія не ўчынілі правапарушэньняў, мусіць зьдзяйсьняцца на добраахвотных пачатках у мэдычных, а не ў папраўчых установах», – прыходзіць да высновы Камітэт канстытуцыйнага нагляду СССР у сваім заключэньні «Аб заканадаўстве па пытаньні аб прымусовым лекаваньні і працоўным перавыхаваньні асоб, якія пакутуюць на алькагалізм і наркаманію».

Крах Савецкага Саюзу супаў па часе з пачаткам фактычнай ліквідацыі ЛПП на тэрыторыі былых саюзных рэспублік.

28 лютага 1991 году выходзіць пастанова Вярхоўнага Савету РСФСР № 754-1 «Аб вызваленьні асобаў зь лячэбна-працоўных прафілякторыяў для хранічных алькаголікаў», якая загадвае «вызваліць зь лячэбна-працоўных прафілякторыяў для хранічных алькаголікаў асобаў, накіраваных у гэтыя ўстановы толькі па факце іх ухіленьня ад добраахвотнага лекаваньня або ў сувязі з працягам ужываньня імі сьпіртных напояў пасьля лекаваньня». Згодна з пастановай, Саветы народных дэпутатаў, на тэрыторыі якіх знаходзяцца ЛПП, абавязаныя цягам месяца стварыць адмысловыя камісіі, якія з улікам заключэньня пракурора павінны выносіць пастановы наконт вызваленьня грамадзян з ЛПП. «Пастанова камісіі аб вызваленьні асобы зь лячэбна-працоўнага прафілякторыя падлягае неадкладнаму выкананьню адміністрацыяй прафілякторыя», – гаворыцца ў пастанове ВС РСФСР.

Пастанова, аналягічная расейскай, у Беларусі была прынятая некалькімі месяцамі пазьней, 21 чэрвеня 1991 году. Пастанова Вярхоўнага Савету БССР № 887-XII «Аб парадку вызваленьня некаторых катэгорыяў асобаў, зьмешчаных ў лячэбна-працоўных прафілякторыях» мае істотнае адрозьненьне ад расейскага дакумэнту. Згодна з гэтай пастановай, у Беларусі, як і ў Расеі, мясцовыя саветы мусяць стварыць камісіі, якія павінны «вывучыць усе справы на асоб, зьмешчаных у лячэбна-працоўных прафілякторыях». Але тут створаныя камісіі ня маюць паўнамоцтваў прымаць рашэньні пра неадкладнае вызваленьне грамадзян з ЛПП, працэдура больш складаная: «Справы з заключэньнямі камісіяў накіроўваюцца ў раённыя (гарадзкія) суды... Народнымі судамі названыя справы разглядаюцца на працягу дзесяці дзён з моманту іх паступленьня» – і ўжо суды выносяць адпаведныя пастановы.

У большасьці новых дзяржаваў, утвораных на тэрыторыі СССР пасьля яго распаду, ЛПП – дзесьці раней, дзесьці пазьней – дэ-факта ліквідуюцца, хаця спатрэбіліся гады, каб скасаваньне сыстэмы ЛПП было замацаванае ў юрыдычных дакумэнтах. Напрыклад, у Расеі сыстэма лячэбна-працоўных прафілякторыяў да-юрэ была ліквідаваная з 1 ліпеня 1994 году ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта Барыса Ельцына.

З былых савецкіх рэспублік на сёньняшні дзень лячэбна-працоўныя прафілякторыі існуюць толькі ў Туркмэністане, у непрызнанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы і ў Рэспубліцы Беларусь...

Беларусь – рэзэрвацыя па захаваньні спадчыны СССР

У 1991 годзе, у адзін дзень з пастановай аб парадку вызваленьня з ЛПП некаторых катэгорыяў грамадзян, Вярхоўны Савет БССР зацьвярджае «Палажэньне аб лячэбна-працоўных прафілякторыях для хранічных алькаголікаў і наркаманаў, якія сыстэматычна парушаюць грамадзкі парадак ці правы іншых асобаў» і Закон «Аб мерах прымусовага ўзьдзеяньня ў дачыненьні да хранічных алькаголікаў і наркаманаў, якія сыстэматычна парушаюць грамадзкі парадак ці правы іншых асобаў». Гэтыя прававыя акты працягвалі дзейнічаць у незалежнай Беларусі і пасьля распаду СССР.

Юрыдычнага дакумэнту аб закрыцьці лячэбна-працоўных прафілякторыяў у Беларусі так і не зьявілася. У кастрычніку 1994 году, калі ў суседняй Расеі ўжо набыў моц згаданы ўказ Ельцына, у Закон 1991-га году была ўнесеная толькі адзіная папраўка: страціў моц артыкул 11 Закону, які вызначаў крымінальную адказнасьць за ўцёк з ЛПП, сам жа Закон працягваў дзейнічаць. І дзейнічаў, са зьменамі і дапаўненьнямі, прынятымі ў 2000 і 2008 гадох, аж пакуль у сьнежні 2009 году Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не прыняла новы Закон – «Аб парадку і ўмовах накіраваньня грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілякторыі і ўмовах знаходжаньня ў іх» (гэты закон набыў моц 4 студзеня 2010 году).

Беларускія ЛПП, як і за савецкім часам, знаходзяцца ў падпарадкаваньні не Міністэрства аховы здароўя, што было б лягічна, а Міністэрства ўнутраных спраў, а дакладней – Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) МУС Рэспублікі Беларусь.

Сыстэма набірае абароты

Зрэшты, нягледзячы на тое, што сыстэма лячэбна-працоўных прафілякторыяў у Беларусі так і не была скасаваная, адразу пасьля 1991 году суды ня вельмі часта накіроўвалі грамадзян у ЛПП. Сытуацыя пачала мяняцца на пачатку 2000-х гадоў, і апошнімі гадамі савецкая практыка «лекаваньня» хворых на алькагалізм праз працатэрапію набывае ўсё большы і большы размах.

З павелічэньнем колькасьці рашэньняў пра накіраваньне людзей на прымусовае «лекаваньне», што прымаюцца судамі, паўстала неабходнасьць у адкрыцьці новых прафілякторыяў. Калі да 2003 году ў краіне дзейнічалі толькі 2 установы – у Сьветлагорску і Наваградку, то праз 5 гадоў, у 2008 годзе, іх колькасьць была ўжо ў 2 разы большая. Сярод іх – першы жаночы ЛПП, у вёсцы Старасельле Горацкага раёну.

Пятай па ліку ўстановай, што пачала дзейнічаць у краіне, стаў Віцебскі ЛПП № 4. Указ аб яго ўтварэньні быў падпісаны Лукашэнкам у сьнежні 2008 году, і ў сакавіку 2009 году ён быў адкрыты.

Адпаведна росту колькасьці ЛПП расьце і колькасьць «пацыентаў». Паводле адкрытых крыніцаў, у 2008 годзе ў ЛПП адначасова «лячыліся» 3700 чалавек. Пад канец кастрычніка 2009 году гэтая лічба складала ўжо каля 4700. А на сённяшні дзень кантынгент павялічыўся да 6700 чалавек.

Апошнімі гадамі суды выносілі рашэньняў аб накіраваньні ў ЛПП больш, чымся апошнія маглі прыняць, дык што нават утварылася «чарга», у якой будучыя «пацыенты» чакалі зьмяшчэньня ў прафілякторыі да некалькіх месяцаў. У сувязі з гэтым у 2014 годзе было прынятае рашэньне аб павелічэньні колькасьці ўстановаў адразу на 3 – з 6-ці да 9-ці. Гэтыя 9 лячэбна-працоўных прафілякторыяў, у тым ліку 3 жаночыя, дзейнічаюць і цяпер.

Віцебшчына – лідэр па колькасьці ЛПП

Што тычыцца Віцебскай вобласьці, то яна знаходзіцца на першым месцы сярод усіх абласьцей краіны па колькасьці ЛПП. Апроч згаданага ЛПП № 4, тут ёсьць яшчэ ЛПП № 9 (Віцебск) і ЛПП № 8 (Наваполацак).

ЛПП № 9 прызначаны для жанчын. Гэты прафілякторый быў створаны як філіял ЛПП № 4 у 2013 годзе на базе выхаваўчай калёніі № 1 для непаўнагадовых злачынцаў і нядаўна быў пераўтвораны ў асобную ўстанову.

Наваполацкі ЛПП № 8 зьявіўся на месцы ліквідаванай папраўчай калёніі № 10 увосень 2014 году, якая была вядомая сваёй дрэннай экалёгіяй. Вось што казала пра гэтую калёнію маці палітвязьня Ігара Аліневіча, які сядзеў у ёй, Валянціна Аліневіч: «Гэта хімічная лябараторыя ўсёй Беларусі. Яна знаходзіцца паміж заводамі "Палімер" і "Нафтан", там няма травы і дрэваў. Людзі выходзяць на пэнсію раней і атрымліваюць надбаўку за шкоднасьць, там экалягічна шкодная зона. Трэба забараніць утрымліваць там людзей. Там жорсткае паветра, і тыя, хто прыходзіць на спатканьне, пачынаюць кашляць».

Наўрад ці з пераўтварэньнем гэтага месца з калёніі ў ЛПП экалягічная сытуацыя ў ім палепшылася, але, відаць, улады мяркуюць, што для хворых на алькагалізм падвышэньне імавернасьці захварэць яшчэ на што-небудзь праз дрэннае экалягічнае асяродзьдзе не зьяўляецца чымсьці важным.

Як трапляюць у ЛПП: працэдура, вызначаная законам

Згодна з заканадаўствам, для таго, каб трапіць у лячэбна-працоўны прафілякторый, грамадзяніну трэба цягам году зьдзейсьніць тры ці больш правапарушэньняў у стане алькагольнага ап'яненьня або пад уплывам наркатычных ці псыхатропных рэчываў. Такія грамадзяне накіроўваюцца на мэдычную камісію, якая мусіць устанавіць дыягназ пра хранічны алькагалізм, наркаманію ці таксыкаманію. Пасьля гэтага цягам дзесяці дзён грамадзянін атрымлівае папярэджаньне пра магчымасьць накіраваньня яго ў ЛПП.

Калі на працягу году пасьля атрыманьня такога папярэджаньня ён зноў зьдзейсьніць правапарушэньне, яго паўторна накіроўваюць да мэдыкаў, якія пацьвярджаюць раней выстаўлены дыягназ пра хранічны алькагалізм (наркаманію, таксыкаманію) і робяць заключэньне пра адсутнасьць у грамадзяніна мэдычных супрацьпаказаньняў для знаходжаньня ў ЛПП. Далей цягам дзесяці дзён начальнік органу МУС або яго намесьнік перадае справу ў суд, які і прымае рашэньне пра накіраваньне грамадзяніна ў лячэбна-працоўны прафілякторый.

Вядома, кожнае дзеяньне міліцыянтаў або судовае рашэньне – прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці за правапарушэньне, накіраваньне на мэдычную камісію, папярэджаньне аб магчымасьці накіраваньня на прымусовае «лекаваньне» і, нарэшце, само рашэньне суду аб накіраваньні ў ЛПП – можа быць абскарджанае.

Асаблівая працэдура прадугледжаная для абавязаных асобаў, якія павінны кампэнсаваць выдаткі, панесеныя дзяржавай на ўтрыманьне іх дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забесьпячэньні. Каб апынуцца ў ЛПП, гэтай катэгорыі грамадзян дастаткова, каб яны двойчы цягам году парушылі працоўную дысцыпліну праз ужываньне імі сьпіртных напояў, наркотыкаў ці псыхатропаў, атрымалі папярэджаньне і цягам году пасьля гэтага яшчэ раз парушылі працоўную дысцыпліну.

Заканадаўства вызначае пералік асобаў, якія ня могуць быць накіраваныя ў ЛПП. Гэта грамадзяне, якія не дасягнулі ўзросту 18 гадоў або, наадварот, дасягнулі пэнсійнага веку (мужчыны – 60 гадоў, жанчыны – 55 гадоў), цяжарныя жанчыны і жанчыны, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросьце да аднаго году, інваліды I і II групы, грамадзяне, у якіх выяўленыя захворваньні, што перашкаджаюць іх знаходжаньню ў ЛПП – пералік такіх захворваньняў зацьвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя.

Як трапляюць у ЛПП: практыка

Ёсьць закон, а ёсьць правапрымяняльная практыка. На ўзроўню закону ўсё выглядае быццам бы і ня блага – у ЛПП мусяць трапляць выключна хранічныя алькаголікі, якія сыстэматычна парушаюць грамадзкі парадак. Але на практыцы, як мы высьветлілі, каб апынуцца ў ЛПП, можна і ня быць алькаголікам і правапарушальнікам, хаця, вядома, трапляюць туды і такія.

Былыя «пацыенты» ЛПП распавядалі нам, як міліцыянты літаральна палююць на некаторых грамадзян з мэтай злавіць іх у нецьвярозым стане, каб скласьці на іх пратакол. Пры гэтым зусім не абавязкова, каб чалавек дэбашырыў, лаяўся матам, непрыстойна паводзіўся ці абражаў сваім выглядам або дзеяньнямі навакольных.

Дастаткова аднаго толькі факту наяўнасьці алькаголю ў крыві чалавека, каб на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні – нібыта за дробнае хуліганства або зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў п'яным выглядзе, які зьневажае людзкую годнасьць і мараль. Можна быць крыху выпіўшым, спакойна ісьці, нікога не чапаючы, – калі міліцыянты вырашылі скласьці на чалавека пратакол пра тое, што ён ня толькі быў не зусім цьвярозым, але і парушыў грамадзкі парадак, яны зробяць гэта.

Суды, як правіла, устаюць на бок міліцыянтаў, якія пры разглядзе такіх справаў самі ж выступаюць у ролі сьведак. Часьцяком працэдуру вынясеньня рашэньняў судзьдзямі паводле «п'яных» артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу толькі зь вялікай нацяжкай можна назваць судовым разборам: праз габінэт судзьдзі адзін за другім за пяць хвілін можа прайсьці ледзь не дзясятак чалавек, якія, ня маючы прававых ведаў, ня надта супраціўляюцца таму, што судовыя працэсы ў дачыненьні да іх адбываюцца зь відавочнымі працэсуальнымі парушэньнямі.

Нашы суразмоўцы зь ліку тых, хто пабываў у ЛПП, распавялі нам пра такую практыку, як дзяжурства міліцыянтаў каля бараў і кафэ. Звычайна такое адбываецца ўвечары напярэдадні выходных дзён. Чалавек выходзіць зь піцейнай установы, праходзіць колькі крокаў – і тут яго спыняюць. Завозяць у пастарунак, складаюць пратакол, затрымліваюць да найбліжэйшага працоўнага дня, пасьля дастаўляюць у суд...

Трэба адзначыць, што бяруць ня ўсіх. Найперш супрацоўнікаў міліцыі цікавіць моладзь, якая здольная добра працаваць. Менавіта маладыя людзі пераважаюць сярод насельнікаў ЛПП.

Яшчэ адна асаблівасьць: больш за палову тых, хто трапляе на «лекаваньне», складаюць асобы, якія маюць судзімасьць. Наўрад ці гэта выпадковасьць. Імаверна, участковым лягчэй адправіць тых, хто вызваліўся зь месцаў пазбаўленьня волі, на чарговую «адседку» – гэтым разам у ЛПП, чымсьці ў адпаведнасьці са сваімі службовымі абавязкамі весьці за імі нагляд.

Расповеды людзей

Толькі некалькі чалавек зь ліку тых, з кім нам удалося паразмаўляць, пагадзіліся распавесьці на відэакамэру пра свае зносіны з супрацоўнікамі аховы правапарадку і досьвед знаходжаньня ў ЛПП.

З Аляксандрам Яўгенавічам мы сустрэліся празь некалькі дзён пасьля суду. Рашэньне аб яго накіраваньні ў ЛПП на той час яшчэ не набыло законную моц, і ён дагульваў апошнія дні на волі. Судовую пастанову аб прымусовым «лекаваньні» вырашыў не абскарджваць, бо палічыў, што карысьці ад гэтага ня будзе, таму ня варта марнаваць грошы на дзяржаўную пошліну за падачу скаргі.

Працуе ў саўгасе паляводам. Прагулаў ці спагнаньняў на працы ня меў. На суд прыходзіў яго начальнік, даў свайму работніку добрую характарыстыку і прасіў, каб яго пакінулі на волі, але гэтая просьба не паўплывала на рашэньне судзьдзі.

Аляксандар мае судзімасьць. Менавіта гэтым ён тлумачыць асаблівую ўвагу да яго з боку міліцыі, якая, паводле ягоных словаў, адмыслова лавіла яго. Ён распавёў, як колішні ўчастковы падбухторваў жанчын – ягоных знаёмых, каб тыя вывелі яго з кватэры, калі той быў выпіўшы, каб схапіць яго ля пад'езду, «у публічным месцы». Жанчыны на гэта не пайшлі, а на наступны дзень пра выпадак расказалі Аляксандру.

Іншы выпадак: «У мяне лецішча ў трохстах мэтрах ад дому. Выпіў там шклянку гарэлкі, другую паўбутэлькі панёс дадому. Яны ўбачылі, што я выйшаў зь лецішча і спынілі на паўдарогі».

Апошні раз Аляксандра злавілі, калі ён выпіў піва і выйшаў у краму па цыгарэты. Тэст паказаў зьмест алькаголю ў крыві 0,8 праміле. Гэтага хапіла, каб «зарабіць» пратакол аб чарговым правапарушэньні.

Потым была мэдычная камісія: «У мяне проста здароўе правяралі. Паслухалі сэрца, ціск памералі – і гэта ўсё». Гэтай працэдуры лекарам, відаць, хапіла, каб прыйсьці да высновы пра тое, што Аляксандар пакутуе на хранічны алькагалізм і, разам з тым, ня мае захворваньняў, якія перашкодзілі б яго знаходжаньню ў ЛПП.

Мікалай Іванавіч (імя зьмененае) – «абавязаная» асоба, мусіць сплачваць дзяржаве грошы на ўтрыманьне дзіцяці. У ЛПП пабываў ужо некалькі разоў. Кажа, што міліцыянты літаральна цкуюць яго, урываліся нават да яго ў хату: «Калі нават дыхнуў на іх півам – забіраюць адразу».

Мікалай распавёў пра апошні выпадак, як яго бралі: «Сябра ў мяне быў выпіўшы. Я зь ім прайшоўся, давёў яго дадому. Вяртаюся. Яны стаялі на дарозе. Я да іх падыходжу – яны ўключаюць фары – бах, і ўсё! Нават хату не зачыніў, там печка тапілася, тэлевізар працаваў».

Уладзімеру Міхайлавічу 59 гадоў. Калісьці скончыў Ленінградзкую мараходную вучэльню. Хадзіў на суднах Латвійскага марскога параходзтва за мяжу. Потым разьвёўся з жонкай, цяпер жыве адзін. Мае дарослага сына, які жыве ў Аўстраліі.

«Мяне і Міхалку ўзялі ў доме – і адразу на суткі. Ня мелі права, але што ж – гэта міліцыя. АМАП прыехаў. Вось амапаўцы нас і забралі», – расказаў Уладзімер. Здаецца, выпадкі, калі супрацоўнікі аховы правапарадку наведваюцца да людзей дадому, каб скласьці на іх пратакол «за зьяўленьне ў п'яным выглядзе ў публічным месцы», – не такая ўжо рэдкасьць.

Да таго Ўладзімер ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, бракавала яшчэ аднаго разу для адпраўкі яго ў ЛПП. Па ўсёй імавернасьці, супрацоўнікі не хацелі доўга чакаць, калі ён трапіцца ім на дварэ ў стане, што пасуе для складаньня пратаколу, і таму вырашылі паскорыць працэс.

Як у турме

Тое, што ў назве ўстановаў для прымусовай ізаляцыі хворых на алькагалізм прысутнічае слова «прафілякторый», не павінна ўводзіць у зман. Умовы знаходжаньня ў ЛПП зусім не нагадваюць звычайны прафілякторый, у які людзі набываюць пуцёўкі, каб паправіць там сваё здароўе. Шмат з колішніх «пацыентаў», зь якімі аўтару гэтых радкоў давялося сустрэцца падчас падрыхтоўкі публікацыі (сярод іх былі і тыя, хто прайшоў ня толькі ЛПП, але і папраўчыя калёніі), параўноўвалі ЛПП з турмой.

Паколькі ЛПП знаходзяцца ў падпарадкаваньні ДВП МУС, няма нічога дзіўнага ў тым, што  шмат што тут нагадвае зону: рэжым перасоўваньня па тэрыторыі строга рэглямэнтаваны – строем ходзяць нават у сталоўку, за парушэньні рэжыму – спагнаньні аж да зьмяшчэньня ў дысцыплінарны пакой (па сутнасьці, аналяг штрафнога ізалятару або карцэру). 

Уладзімер Міхайлавіч: «Усё – абсалютна як на зоне. Пад'ём – а 7-й. Дакладней, а 6-й падняліся, потым – туалет і ўсё такое. Пасьля – пастраеньне, праверка, строем мусіш ісьці, калі па адным – "не положено". З сабой абавязкова павінна быць картка. Калі яе няма, кантралёр абавязкова прычэпіцца – і, вось, калі ласка, ужо маеш пакараньне».

«Пражываньне ў сэкцыях. Гэта як клясы ў школе, толькі адмыслова абсталяваныя: у два ярусы ложкі. У адным пакоі – недзе нават па сорак чалавек зьмяшчалася. У нас было дваццаць чатыры».

Праўда, ня ўсё дрэнна. Мікалай Іванавіч на пытаньне пра побыт адказаў коратка: «Умовы побыту – нармальныя. Кармілі як на зарэз». З апошнім сьцьверджаньнем ня згодзен Уладзімер: «Кармёжка – жахлівая, амаль як на зоне». Зрэшты, мужчыны «сядзелі» ў розных установах, гэтым, магчыма, і тлумачыцца розьніца ў іхных ацэнках. Дый Мікалай, калі разгаварыўся, адзначыў, што былі пэўныя невыгоды: «Душ – паводле раскладу. З душу бывае, што ідзе толькі халодная вада. А бывае наадварот, гарачая – кіпень».

Прафілякторый – «лячэбны», але ў ім ня лечаць

За савецкім часам «пацыенты» ЛПП прымусова праходзілі курс рэфлексатэрапіі: ім калолі адмысловыя прэпараты, якія выклікаюць непрыняцьце арганізмам алькаголю, і давалі выпіць. Пасьля выпітай дозы пачыналася пакутлівае ванітаваньне. Працэдура паўтаралася некалькі разоў, што павінна было выклікаць агіду да алькаголю і імкненьне кінуць піць.

Такі спосаб лекаваньня ўжо і ў СССР быў прызнаны неэфэктыўным, таму адышоў у нябыт разам з развалам краіны Саветаў.

Апытваючы тых, хто пабываў у ЛПП, пра мэтады лекаваньня, мы не чакалі пачуць ад іх чагосьці аналягічнага жахам часоў Савецкага Саюзу. Але тое, што ніякага абавязковага лекаваньня, апроч працатэрапіі, па сутнасьці, няма наогул, выклікала зьдзіўленьне, бо ж слова «лячэбны» – частка назвы ўстановаў, у якія накіроўваюць хворых на алькагалізм.

Уладзімер Міхайлавіч: «Ніякага лекаваньня. Толькі першы час таблеткі давалі – дык я іх і ня піў. Ніякага лекаваньня там няма, і ня можа быць нават: маладзёны там па 19 гадоў – прывозяць туды дзяцей – ім па дупе настукаць, і няхай яшчэ бегаюць, гуляюць».

Мікалай Іванавіч: «Там у асноўным ніхто ня лечыць. Што гэтыя таблеткі даюць – гэта проста так. Ну якое гэта лекаваньне? Фактычна, і гэтага няма. Хтосьці, мабыць, возьме ў галаву нешта – вось яны ядуць таблеткі...»

Супрацоўнікі ЛПП распавядаюць на старонках дзяржаўных СМІ, што ўсё лекаваньне «пацыентаў» ажыцьцяўляецца ў чатыры курсы. Першы курс прызначаюць новапрыбыўшым, якіх зьмяшчаюць у карантын. Асабліва цяжкімі для людзей зьяўляюцца першыя некалькі дзён у ЛПП – іх калоціць, трасе, яны адмаўляюцца ад ежы. У некаторых узьнікае сындром адмены алькаголю, або белая гарачка. Карантын доўжыцца два тыдні, і за гэты час лекары робяць абсьледаваньне пацыентаў. Па выніках абсьледаваньня кожнаму індывідуальна прызначаюць лекаваньне, прычым лечаць ня толькі ад алькагольнай залежнасьці, але і ад захворваньняў сэрца, печані, нырак і г.д. Прымяняецца ня толькі мэдыкамэнтознае, але і псыхакарэкцыйнае лекаваньне.

У адной з публікацыяў у недзяржаўных СМІ праваабаронцы пераказваюць словы колішніх пацыентаў, якія распавялі ім, да чаго насамрэч зводзяцца мэдычнае абсьледаваньне ў карантыне і курс лекаваньня: «Лекаваньня ад алькагалізму ніякага не праводзіцца, толькі ў першыя тры дні выдаюць адно дражэ аскарбінавай кіслаты і дзьве таблеткі валяр'яну. Пры паступленьні правяраюць на пэдыкулёз і каросту, ніякага іншага мэдычнага абсьледаваньня ня ладзіцца».

Зрэшты, прайсьці курс лекаваньня ад алькагольнай залежнасьці ў ЛПП усё-такі магчыма. Добраахвотна. Некаторыя пагаджаюцца на такое лекаваньне, спадзеючыся на датэрміновае вызваленьне з прафілякторыя. Як распавёў адзін з тых, хто даў згоду лячыцца добраахвотна, «лекаваньне» заключалася ў тым, што яму цягам двух курсаў па два тыдні кожны давалі мэтранідазол.

Камэнтар экспэрта-нарколяга

Па экспэртную думку мы зьвярнуліся да доктара Ігара Пастнова, псыхіятра-нарколяга са шматгадовым стажам. Праўда, Ігар Аляксеевіч зрабіў заўвагу, што выказвае сваё ўласнае меркаваньне, а не меркаваньне экспэрта, які быў бы афіцыйна прызначаны ў якасьці такога мэдычнай установай. Ігар Пастноў уваходзіць у склад мэдычнай камісіі, якая выносіць заключэньні перад накіраваньнем людзей у ЛПП, таму пра праблему ведае не па чутках.

Доктар Пастноў паведаміў, што, сапраўды, ЛПП – не для таго, каб там лячыць: «Калі мы паглядзім Палажэньне аб ЛПП, ніхто там ня кажа пра лекаваньне. Там стаіць пытаньне пра сацыяльную рэадаптацыю і ізаляцыю, што пераклікаецца з ГУЛАГам – там таксама стаяла пытаньне пра рэадаптацыю і перакоўку чалавека».

Ігар Пастноў распавёў, як працуе мэдычная камісія пры афармленьні ў ЛПП. Усяго такая камісія, у склад якой уваходзяць пяць чалавек, зьбіраецца двойчы. Падчас першай камісіі будучаму «пацыенту» ЛПП ставіцца дыягназ пра хранічны алькагалізм і робіцца заключэньне пра адсутнасьць у яго захворваньняў са сьпісу, зацьверджанага Мінздравам, якія перашкаджаюць знаходжаньню ў ЛПП. Другую камісію кандыдат на «лекаваньне» ў лячэбна-працоўным прафілякторыі праходзіць непасрэдна перад тым, як яго справа будзе перададзеная ў суд. Гэтая камісія, па сутнасьці, носіць тэхнічны характар, бо дыягназ ужо стаіць. У сваёй працы мэдыкі кіруюцца пастановамі Міністэрства аховы здароўя.

Ігар Пастноў мяркуе, што сама па сабе ідэя ЛПП – неблагая. «Але ва ўмовах таталітарнага  грамадзтва і адсутнасьці кантролю з боку грамадзкасьці за працэсам кожная самая лепшая ідэя ператвараецца ў яе супрацьлегласьць. Ва ўмовах закрытасьці ідэя стала перакручанай. Таму на сёньняшні дзень, як лекар, я зьяўляюся катэгарычным праціўнікам лячэбна-працоўных прафілякторыяў і афармляю ў іх людзей толькі таму, што гэта мая праца».

«Ёсьць, вядома, выпадкі, калі прывозяць сапраўды дэградантаў, тых, хто тэрарызуе грамадзтва, сям'ю. Але для гэтага ёсьць артыкулы Крымінальнага кодэксу – калі ласка, судзіце нармальным судом, саджайце такіх. А так атрымліваецца, што людзі, якія проста хворыя, зьмяшчаюцца ў закрытыя ўстановы на год. Прычым часта гэтыя ўстановы горш, чымся закрытыя ўстановы, у якія адпраўляюць за злачынствы – многія мае кліенты казалі: чым ісьці ў ЛПП, мы лепш пойдзем на зону».

«Вельмі часта міліцыя прывозіць афармляць людзей абсалютна выпадковых, якім ня трэба туды трапляць. Бо цяжэй працаваць зь якім-небудзь сапраўдным алькаголікам, які тэрарызуе сям'ю і можа надаваць таму ж міліцыянту па галаве; прасьцей устаць насупраць рэстарацыі, і як толькі чалавек выходзіць адтуль – браць яго пад белыя ручкі. Часта ўчастковы міліцыянт працуе не з насельніцтвам, а з кампутарам. Ён на кампутары выбіў, што ў чалавека тры адміністрацыйкі: першая ў студзені, другая ў лютым, і пасьля ён паўгода ўжо ня п'е. Але міліцыянт раптам успамінае пра яго – і хапаюць людзей з працы, з вучобы, прыяжджаюць зранку, калі людзі яшчэ спяць, выцягваюць іх зь сем'яў цьвярозымі – і вязуць на першую ці другую камісію. У выніку ломяцца лёсы людзей», – патлумачыў сваю пазыцыю Ігар Пастноў.

Праца ёсьць не для ўсіх

Калі ЛПП наўрад ці можна назваць «лячэбнымі» ўстановамі ў строгім значэньні слова, дык, мабыць, з працай тут усё нармальна? Нашы размовы з былымі пацыентамі пераканалі нас, што слова «працоўны» ў назьве прафілякторыяў для хранічных алькаголікаў таксама лішняе. Як высьветлілася, праца ёсьць найперш для абавязаных асобаў, якія павінны кампэнсаваць дзяржаве грошы на ўтрыманьне дзяцей, і алімэнтшчыкаў. Дакладней, праца быццам бы ёсьць і для астатніх – на тэрыторыі самога ЛПП, але ня тая, за якую можна атрымаць больш-менш добры, па тамтэйшых мерках, заробак.

Уладзімер Міхайлавіч: «Мяне не выпускалі. Я хадзіў да опэра, прасіў: Выпусьціце мяне на працу, каб падзарабіць хоць трошкі. – Мне кажуць: Вось, у нас тут уцёк адзін такі чалавек, баімся, і ты ўцячэш. Пасылалі "на дрот" – алюмінь, медзь чысьціць. А плацілі: я атрымліваў у месяц на пачак цыгарэт. Толькі апошні і перадапошні месяцы атрымаў па 41 тысячы».

«На дроце» нейкі час прыйшлося пабыць і Мікалаю Іванавічу: «Мяне на тры месяцы адпраўлялі дрот чысьціць. Заробку там толькі на запалкі выходзіла. Я не куру. Мне цыгарэт ня трэба. А людзям – толькі на запалкі хапала. Ну а так, адпраўлялі па калгасах, па арганізацыях. З арганізацыяў – шмат хто не плаціў».

Пра заробкі тых, каму пашчасьціла трапіць на працу ў калгасы ці арганізацыі, распавёў Уладзімер Міхайлавіч: «На рукі грошай не даюць, а пералічаюць на краму. Па 50 тысяч даюць у дзень на абеды – гэта даволі няблага. А ў іншых арганізацыях – не даюць, проста возяць харчы з сабой. Потым на краму закрываюць – бывае па 300 тысяч і больш».

Тыя сродкі, што залічаюцца на асабовыя рахункі, за кошт якіх можна потым атаварвацца ў краме, – гэта частка налічаных заробкаў. Гэтая частка павінна складаць ня менш за 25 адсоткаў ад заробленай сумы. Астатняе ідзе на пакрыцьцё выдаткаў на пражываньне. У тых, хто павінен пакрываць выдаткі дзяржавы на ўтрыманьне дзяцей, гэтыя грошы таксама вылічаюцца з заробкаў. Паколькі высокааплатная праца дастаецца далёка ня ўсім, у многіх з тых, хто мае доўг перад дзяржавай, сума доўгу падчас знаходжаньня ў ЛПП павялічваецца.

Грошы, якія засталіся на асабовым рахунку, выдаюцца грамадзянам пры іх вызваленьні. Хтосьці пасьля году, праведзенага ў ЛПП, атрымлівае некалькі сотняў тысяч і нават больш за мільён, а камусьці ледзь хапае на тое, каб купіць квіток дадому. Бывалі нават выпадкі, калі тыя, хто вызваліўся, тэлефанавалі сваякам і прасілі выслаць на праезд грошай.

Жыцьцё пасьля ЛПП

Па вызваленьні з ЛПП колішнія яго «пацыенты» застаюцца на ўліку ў нарколягаў. Таксама імі мусіць апекавацца ўчастковы міліцыянт. Што ж тычыцца працаўладкаваньня, вырашэньня праблемаў з жытлом, калі ў кагосьці такія ёсьць, і г.д. – гэтым усім чалавек павінен займацца самастойна. 

Пасьля некалькіх «адседак» у ЛПП жыцьцё Мікалая Іванавіча ператварылася ў пекла. Цяпер ён мае працу ў саўгасе – з гэтым праблемы няма. Але, паводле ягоных словаў, супрацоўнікі міліцыі перасьледуюць яго, не даючы літаральна кроку ступіць бязь іх кантролю.

Уладзімер Міхайлавіч пасьля выхаду на волю знаходзіцца ў добрых стасунках зь мясцовым участковым. Аднак ён сутыкнуўся зь іншымі цяжкасьцямі: «Прыйшоў – прапіскі няма па новым пашпарце. А стары пашпарт не знайшоў. Ёсьць рэгістрацыя, а дому няма, жытла няма. Праца – тым больш. Куды мяне возьмуць цяпер? Нікуды. Маладым няма дзе працаваць, ня тое, што старым...»

Зразумела, што паколькі на «лекаваньне» ў ЛПП трапляюць не па сваёй волі і большасьць «лячыцца» ня хоча, ды пры фармальным падыходзе да «лекаваньня» з боку работнікаў прафілякторыяў, эфэктыўнасьць такога лекаваньня ад алькагольнай залежнасьці высокай быць ня можа. Таму шмат з тых, хто піў да ЛПП, пачынае піць і пасьля.

Якія шанцы пасьля вызваленьня з ЛПП трапіць туды зноў? І якія шанцы вярнуцца да нармальнага жыцьця?

Аўтар гэтага матэрыялу ня змог знайсьці ў адкрытым доступе поўнай афіцыйнай статыстыкі ў цэлым па краіне, што да колькасьці тых, хто «вылечыўся» дзякуючы ЛПП. Розныя крыніцы падаюць розныя лічбы, якія адрозьнівацца ў разы. Некаторыя СМІ сьцьвярджаюць, што колькасьць людзей, якія, прайшоўшы ЛПП, кінулі піць, дасягае ажно 20-25 адсоткаў. Гэткія лічбы падаюцца завышанымі.

Старшы інспэктар па прафэсійнай падрыхтоўцы ЛПП № 1 (г. Сьветлагорск) капітан унутранай службы Сяргей Гайко ў сваім артыкуле, апублікаваным у 2013 годзе на сайце Міністэрства ўнутраных спраў, падае такія дадзеныя пра «выпускнікоў» установы, у якой ён служыць: устойлівая рэмісія назіраецца ў 16-18 адсоткаў тых, хто вызваліўся, няўстойлівая – у 32-36%, а астатнія – рэцыдыў.

Наўрад ці сытуацыя з тымі, хто прайшоў іншыя ЛПП краіны, моцна адрозьніваецца, таму можна дапусьціць, што прыкладна такія лічбы маем і па ўсёй сыстэме ЛПП у цэлым.

Што ж тычыцца імавернасьці паўторна апынуцца ў ЛПП, у 2009 годзе у МУС паведамлялі, што 23% ад агульнай колькасьці асобаў, што ўтрымліваліся на той час у ЛПП, знаходзіліся там паўторна; 11,6% – у трэці і больш раз.

Лічбы, як той казаў, гавораць самі за сябе...

Пасьля ўнясеньня паправак у закон сытуацыя стала лепш?

У 2014 годзе былі ўнесеныя зьмены і дапаўненьні ў Закон Рэспублікі «Аб парадку і ўмовах накіраваньня грамадзян ў лячэбна-працоўныя прафілякторыі і ўмовах знаходжаньня ў іх». У асноўным гэтымі зьменамі былі скарэктаваныя і ўдакладненыя некаторыя фармулёўкі. Былі таксама вызначаныя дакладныя тэрміны, у якія грамадзяне дастаўляюцца ў ЛПП пасьля таго, як адпаведныя рашэньні судоў набылі моц.

Папраўкі зрабілі менш бюракратызаванай працэдуру вызваленьня грамадзян з ЛПП у шэрагу выпадкаў: пры дасягненьні мужчынамі 60 гадоў, жанчынамі – 55-ці, выяўленьні цяжарнасьці ў жанчын, устанаўленьні інваліднасьці I ці II групы, выяўленьні захворваньня, якое перашкаджае знаходжаньню ў ЛПП. Цяпер рашэньне аб вызваленьні з ЛПП у такіх выпадках прымае начальнік установы, а не перадае справу ў суд, як было раней.

Асноўная ж зьмена, якую пазытыўна ацаніла грамадзкасьць, тычыцца таго, што цяпер зьявілася магчымасьць датэрмінова выйсьці з ЛПП. Раней грамадзянін мусіў «лячыцца» «ад званка да званка». Была прадугледжаная магчымасьць у якасьці пакараньня атрымаць падоўжаньне тэрміну і дадаткова «адлячыцца» да 6-ці месяцаў даўжэй за прызначанае судом. Цяпер жа тэрмін знаходжаньня можа быць ня толькі павялічаны, але і зьменшаны – усё на тыя ж 6 месяцаў.

Здавалася б, добрае новаўвядзеньне. Толькі вось працэдура, каб выйсьці датэрмінова, такая складаная, трэба сабраць такую колькасьць папераў, што на практыцы толькі адзінкі могуць спадзявацца выйсьці з ЛПП раней за прызначаны ім судом адзін год.

Камэнтар экспэрта-праваабаронцы

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік займаецца праблемай ЛПП не адзін год. Нядаўна ён зьвярнуўся ў ніжнюю палату беларускага парлямэнту з прапановай правесьці парлямэнцкія слуханьні па тэме «Вынікі правапрымяненьня Закону Рэспублікі Беларусь "Аб парадку і ўмовах накіраваньня грамадзян ў лячэбна-працоўныя прафілякторыі і ўмовах знаходжаньня ў іх"». Парлямэнтары палічылі правядзеньне прапанаваных праваабаронцам парлямэнцкіх слуханьняў немэтазгодным.

Леанід Сьвецік: «Закон аб ЛПП накіраваны перш за ўсё на тое, каб змусіць чалавека вылечыцца ад залежнасьцяў. Але як паказвае сусьветная практыка, змусіць чалавека вылечыцца ад алькагалізму і наркаманіі практычна немагчыма. Павінна быць асабістае моцнае жаданьне».

Як адзначыў праваабаронца, людзі трапляюць у ЛПП не за нейкае парушэньне закону, а за сваю хваробу. У пэўных выпадках, калі існуе небясьпека для жыцьця і здароўя грамадзян, хворыя могуць ізалявацца ад грамадзтва, і лекаваньне можа быць прымусовым. Але хранічны алькагалізм не ўваходзіць у зацьверджаны Міністэрствам аховы здароўя пералік хваробаў, пры якіх такое лекаваньне дапускаецца.

Ёсьць у Леаніда Сьвеціка прэтэнзіі і да ўмоваў працы «пацыентаў» ЛПП: «Праца там мае прыкметы прымусу. Людзей прымушаюць да працы, а гэта забаронена міжнароднымі дамовамі, якія падпісала Рэспубліка Беларусь».

«Дзяржава ўбачыла ў гэтым нейкую сваю эканамічную выгаду. Бо ў большай ступені ў ЛПП накіроўваюць маладых мужчын, якія здольныя працаваць фізычна. Гэтых людзей нібыта спэцыяльна падбіраюць, каб яны працавалі эфэктыўна, і каб праца была найбольш прадукцыйнай», – мяркуе праваабаронца.

«З-таго, што доступ у ЛПП закрыты, мы таксама ня ведаем, ці ёсьць злоўжываньні з боку адміністрацыяў лячэбна-працоўных прафілякторыяў у выкарыстоўваньні людзей па-за тымі аб'ектамі, на якіх яны павінны працаваць. Магчыма, людзей выкарыстоўваюць для сваіх асабістых мэтаў – на будаўніцтве лецішчаў, дамоў».

«Праваабаронцаў таксама непакоіць, што адбываецца з чалавекам пасьля таго, як ён выходзіць з ЛПП. Ці назіраецца ён у лекараў? Ці ўладкоўваецца ён на працу? Ці не трапляе ён у тое асяродзьдзе, у якім раней пастаянна піў?» – задае пытаньні Леанід Сьвецік.

Схавана ад грамадзкасьці

Праблема, на якую Леанід Сьвецік зьвярнуў асаблівую ўвагу, – гэта закрытасьць сыстэмы: «Грамадзкасьць ня можа трапіць за муры ЛПП, ня можа паглядзець, як наладжаны быт, як праводзіцца лекаваньне людзей, дзе яны працуюць, колькі атрымліваюць. Гэта ўсё застаецца таямніцай для шырокай грамадзкасьці. І тут мы можам прад'явіць прэтэнзіі дзяржаве, як віноўніку арганізацыі такога недапушчэньня сродкаў масавай інфармацыі і праваабаронцаў у сьцены лячэбна-працоўных прафілякторыяў».

Леанід Сьвецік зьяўляецца ня толькі праваабаронцам, але і незалежным журналістам, сябрам «Беларускай асацыяцыі журналістаў». Як журналіст, ён прасіў начальнікаў ЛПП, што знаходзяцца на тэрыторыі Віцебскай вобласьці, каб тыя дазволілі яму наведаць іх установы. Усе начальнікі адказалі аднолькава: жыцьцё ЛПП дастаткова асьвятляецца ведамаснай прэсай Міністэрства унутраных спраў, таму наведваньне установаў журналістамі лічым немэтазгодным.

Адзінай праваабарончай арганізацыяй, супрацоўнікам якой улады дазволілі наведаць лячэбна-працоўныя прафілякторыі, зьяўляецца нядаўна ліквідаваная ўстанова «Платформ інавэйшан». Аднак што яны там убачылі, грамадзкасьць так і не даведалася. «Усе справаздачы – гэта ўнутраная справа нашай арганізацыі. Калі мы палічым патрэбным, усё будзе апублікавана на нашым сайце», – заявіла кіраўнік арганізацыі Алена Красоўская-Касьпяровіч.

Што тычыцца журналістаў, ніводнага з тых, хто супрацоўнічае з выданьнямі, якія дазваляюць сабе крытыкаваць улады краіны, у ЛПП не пускаюць. Затое апошнім часам павялічылася колькасьць публікацыяў пра лячэбна-працоўныя прафілякторыі на старонках дзяржаўных СМІ. У гэтых публікацыях чытачам расказваецца, колькі гора і няшчасьцяў прычынілі блізкім алькаголікі, і як добра, што існуюць такія цудоўныя ўстановы для іх як ЛПП, дзе іх ня толькі лечаць, але і добра кормяць, і забясьпечваюць працай, і дапамагаюць добра адпачыць ў вольны час, і, у рэшце рэшт, вяртаюць да нармальнага жыцьця.

Зрэшты, сяму-таму ўсё-такі ўдалося пранікнуць унутар беларускіх лячэбна-працоўных прафілякторыяў, каб распавесьці праўду пра іх. Некалькі гадоў таму галяндзкі фатограф Ірына Папова змагла наведаць ЛПП № 1. Яе фотаздымкі гавораць лепш за словы...

Кастусь Дзьвінскі, Віцебская вясна

Фота: © Ірына Папова